Старонка:Смок Белью.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

затым прабярэмся цераз водараздзел і выйдзем на Бабін ручай дзе-небудзь вышэй Пробнага ўчастка. — Ён зірнуў на Джой. — Ці не хочаце пайсці з намі? Я абяцаў вашаму бацьку наглядаць за вамі.

— Я… — яна вагалася, — я магу пайсці з вамі, калі вы не пярэчыце. — Яна пазірала прама ў вочы Смоку, і на твары яе ўжо не было ранейшага выразу выкліку і насмешкі. — Дапраўды, містэр Смок, я амаль шкадую аб тым, што зрабіла. Але трэба-ж было каму-небудзь выручыць старажылаў.

— Я бачу, што золаташукальніцтва — справа спартыўная.

— А я бачу, што вы абодва цудоўна падрыхтаваны да гэтага спорту, — сказала яна; затым дадала з лёгкім уздыхам: — Як шкада, што вы не старажылы!

Дзве гадзіны яны прабіраліся ўздоўж замерзлага русла Нарвежскага ручая, затым звярнулі ў вузкі, звілісты прыток яго, які цёк з поўдня. Апоўдні яны пачалі падымацца ўгару, каб перабрацца цераз водараздзел. Ззаду сябе ўнізе яны ўбачылі доўгую цёмную лінію золаташукальнікаў, якія ішлі па іхніх слядах. Там і сям дзесяткі тонкіх струменяў дыму гаварылі аб тым, што спадарожнікі робяць прывал.

Смок і яго спадарожнікі рухаліся з вялікай цяжкасцю. Яны часта правальваліся па пояс у снег і праз кожныя некалькі ярдаў былі вымушаны спыняцца, каб перавесці дух. Шорці першы маліў аб адпачынку.

— Мы ўжо цэлыя дванаццаць гадзін у дарозе, Смок, — сказаў ён, — і я павінен прызнацца, што вельмі змарыўся, ды і ты таксама, я ўпэўнены. Я дык яшчэ магу, вядома, цягнуцца, як галодны індзеец за кавалкам медзвяжаціны. Але гэтая бедная дзяўчына несумненна зваліцца з ног, калі не падмацуецца чым-небудзь. Давайце раскладзем тут агонь. Што вы на гэта скажаце?

Яны так шпарка, лоўка і ўмела разбілі лагер, што Джой, сачыўшая за імі недаверлівым позіркам, павінна была прызнацца ў душы, што і старажылы не змаглі-б зрабіць гэтага лепей. Коўдра, нацягнутая на галіны канадскай елкі, утварыла прытулак для адпачынку і кулінарных працэдур. Самі яны стараліся трымацца далей ад агню, пакуль не расцёрлі добра свае шчокі і насы.

Смок плюнуў у паветра, і ільдзінка ўпала так хутка і звонка, што ён паківаў галавой.

— Павінен прызнацца, — сказаў ён, — што ніколі яшчэ не бачыў такога марозу.