Старонка:Смок Белью.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Калі мы і дагонім іх, дых перагнаць ні за што не зможам, — сказаў ён задыхаючыся. — Ну і смаляць-жа, чорт-бы іх забраў! Галаву дам наадрэз, што гэта не чэчака. Будзь упэўнены, што гэта самыя сапраўдныя старажылы.

Калі сябры нарэшце нагналі іх, Смок, які быў уперадзе, з прыемнасцю пайшоў з імі ў нагу. Амаль адразу-ж у яго склалася ўражанне, што чалавек, які ідзе поплеч з ім, жанчына. Як склалася гэтае ўражанне, ён і сам не мог-бы сказаць. Захутаная ў футра цёмная постаць нічым не адрознівалася ад іншых; аднак Смоку здалося ў ёй нешта знаёмае. Ён пачакаў наступнай успышкі ззяння і пры святле яго ўбачыў маленькія, абутыя ў макасіны ногі. Але ён убачыў болей — паходку. І адразу-ж пазнаў тую самую паходку, якую вырашыў аднойчы ніколі не забываць.

— Яна сапраўдны хадок, — хрыпла зашаптаў Шорці. — Б’юся аб заклад, што гэта індзіянка.

— Як маецеся, міс Гастэл? — запытаў Смок.

— Дзякую вас, — адказала яна, павярнуўшы галаву і шпарка зірнуўшы на яго. — Вельмі цёмна, я нічога не бачу. Вы хто?

— Смок.

Яна рассмяялася на марозным паветры, і ён адразу-ж вырашыў, што ніколі не чуў такога прыемнага смеху.

— Ну, што-ж, ажаніліся вы, як казалі тады? Ці многа ў вас дзяцей?

Перш чым ён сабраўся адказаць, яна казала далей:

— Колькі там чэчака ззаду нас?

— Мусіць, некалькі тысяч. Мы перагналі больш трохсот, яны вельмі спяшаліся.

— Старая гісторыя, — адказала яна з гораччу. — Навічкі забіраюць сабе багацейшыя ўчасткі, а старажылы, якія з’явіліся ў гэтую краіну першымі, пакутвалі тут і мучыліся, застаюцца ні пры чым. Гэта старажылы знайшлі Бабін ручай (як выявілася гэтая таямніца, зусім незразумела!) І зараз-жа паведамілі старажылам з Львінага возера. Але возера гэтае знаходзіцца за дзесяць міль ад Даусона, і пакуль тыя дабяруцца да ручая, усё будзе ўжо занята даусонаўскімі чэчака. Такая несправядлівасць абурае мяне.

— Так, вельмі дрэнна, — паспачуваў ёй Смок. — Але няхай мяне павесяць, калі я ведаю, як вы можаце перашкодзіць гэтаму. Хто першы прыйшоў, той першы і ўзяў.

— Я была-б вельмі шчаслівая, калі-б магла чым-небудзь дапамагчы тут, — горача сказала міс Гастэл. — Я-б хацела,