САЛАВЕЙ
Вясна.
Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу.
Салоўка сьпявае.
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна сваімі сьпевамі давала натхненьне (як даўней гаварылі) песьняром усіх краёў зямлі.
Пакаленьне за пакаленьнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё сьпяваў ды сьпяваў, дыктуючы вершы романтычна настроеным юнаком. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны
гляк дротам. Калі ня верыце — папрабуйце!
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна вясной атуляе музыкай наш бярэзьнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам рознастайных трэляў.
Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызьняк і зьвіняць срэбрам і шклом.
Тады здаецца, што салаўіная песьня застывае на лузе кроплямі расы, дыямэнтамі радасных сьлёз.
Тады здаецца…
Кожнаму ўсё пасвойму здаецца.
А месяц — чырвоны, чырвоны. Вясновую ноч крывавіць. А часам ён сіні або іншага колеру.