Старонка:Рунь (1914).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лірные сьпевы.


Цёмна ў лесі глухім, як у магілі.

Неспакойна трапечуцца лісточкі на бярозах і трывожна гудзяць макаўкі сасновые. Не рана ўжо, час а поўначы, а гэта ночка купальская…

Бліснуў аганёк каля чорнаго пня. Што тама? Ці грошы заклятые на зямлю выходзюць, ці, можа чэрвячок купальскі сьвеціцца?

— Ку-га! Ку-га! Ку-га га… страшна раптам заскігатала нешта за балотам у гушчарніку. Ой, што там? Ці русалка на вецьцю бярозавым гутаіцца, ці сава ляпавухая зайчыка гукаіць к сабе, заесьці хочыць?

Вось цяжка залопала крыльлём нейкая птушка ў суччы і ў пушчы зьнікла. Аткуль яна ўзялася аб такой парэ?

Ох, добра,—ветрык сьвежы падуў. Ківаіцца ля дарогі над калюгаю лазовы куст, а там, за ім, нехта чорны выступаіць… Пень абгарэлы там ці што ешчэ.

Не рана ўжо, час а поўначы, а дарожка нявідная ўсё цягнецца без канца па цёмным лясу. Калі йшчэ тое поля Залесянскае, а страшна тут аднаму.

Карэньня па дарозі парасло, ня можна шпарка бегчы. А чорна ўсё, ані жывой душы.