Старонка:Рунь (1914).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Твае,—ізноў ціхенечкі шэпт.

— …Твае малюнкі прызнаў у ва… у табе вялікі талент і прасіў працаваць, абецаўся помач?

Замест атказу тужліва запеяла шэпатком: «Хоць ты сэрцэ вы-ырві ды й аткі-інь далё-ка… Хоць ты серцэ…» Змоўкла, маўчыць.

— Чаму ж не сказала мне калі, што малюіш?

Маўчыць.

Я сядзеў, як пень, і лаяў у думках сябе калодаю, дурнем, сажалкавым гнётам… Гадаў, што дзеецца з Мусяй, аб чым яна думаіць і чаго яна ў час, калі другіе гараць, полымем пышуць, яна быц нежывая… Ці шчыра яна пачуваіць?

А надоячы,—ўспомнілася,—ўсё пыталася, ці пазволяць ёй, жыдоўцы (гэта слова яна гаварыла з нейкай жалабнасьцю, як скрыўджэная), па сканчаньні гімназіі меці у вёсцы сваю школку і вучыць селянскіх дзетак? — «Вочкі прамываць тваім белагаловенькім»,—ешчэ пажартавала с сумам у голасі.

— Вы шчэ самі вучыцеся, калі тое будзе,—выварачываўся я. А Муся колькі разоў усёж-ткі цвёрда і упорна памыкалася дапытацца напэўна, і я круціўся, як тая вужака ад бізуна, ад гэтых пільных пытаньнёў.

Мне ўжо і так надакучылі, былі прыкры тады національные і набажэнскіе пытаньня, апастылела паўсёднае айканьне і салодзенька-кіслае стагнаньне няшчырых людзей. Глыбока-праўдзіваго спаткаў мала.—«Можэ і Муся, можэ і яна, толькі чапурыцца перада мною дзеля чагосьці?»—выпаўзла, як с падпечкі, гідкая думка.