Старонка:Рунь (1914).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я ня ведаў, што рабіць. Шукаў-шукаў хоць якіх-якіх асаблівых сардэчных пачуцьцёў у сабе і незнаходзіў. Яна мне надта, праўда, падабалася, як мягкая, добрая, начытанная дзяўчынка з не саўсім звычайна-лёгкім дзявоцкім паглядам на жыцьцё. Мне з ёю было добра, ладна, прыяйна. Гуляць з ёй любіў. І усё.

І цяпер мне было дрэнна: ад думкі, што яна, маладзенькая, невялічкая, уздумала, маючы трывожна-любую надзею на шчырае спатканьне, уздумала пастукацца ка мне ў душу з нечым квола-дэлікатным, чыстым, і я, калі не захачу скрыўдзіць яе у лепшых, абмылкавых ці не абмылкавых — усё роўна, пачуцьцях-жаданьнях, я павінен ілгаць — не ілгаць, а так — цягнуцца ўсьлед і прыстаўляцца.

Раптам яна абшчапіла мяне за шыю і падзіцячу сьціснула…

Я, падаждаўшы, каб абмеркаваць, нясьмела і няўмела ўзяў яе за руку і троху пацягнуў да сябе.

І пазіраў сабе, не сьпешаючыся, на неба, як там усё зьбегаліся і зьбегаліся белаватые болачкі і зьбіраліся у адзін цёмны груд, падобны на аграмадны, кепска складжэны стог сена.

— Дзы-ынг, дзы-ынг… — с працягам прабіў на каланчы дванаццаць стары вартаўнік.

А Муся маўчала. Заплюшчыла вочы, паклала галоўку мне на грудзі і быццым дыхаць перэстала.

— Мілая Муся, ці праўду казала мне ваша таварышка?..

— Твая, а не ваша,—пачуўся шэпт.

— Ну, т… твая таварышка, што художнік Мартусевіч, пабачыўшы малюнкі ваш…