Старонка:Рунь (1914).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хабшчыну на справу і працу тваю. А ешчэ дадам: не забывай ты у горадзі, дайжэ ў добрай таварыскай бяседзі за салодкімі напіткамі ды смашнымі дарагімі стравамі, не забывайся ты запытаць у сябе: «А можэ цяпер у каго скарынкі хлеба німа?» І ведай тады, што адным енкам ды стагнаньнем бядзе людзкой не паможэш… Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць… Толькі ты ня гневайся, што я табе наказы раблю…

— Што вы, дзядуля! Мне так люба, лягчэй мне

— А чэртаўня… Можа яна і не такая незразумелая, як нам здаецца… Унукі нашы, больш за нас ведаць будуць.

— А ўсе ж крыўдна, дзядуля, што людзі сьляпые такіе.

— Гэта ў парэ такой цяпер ты! А шчэ горш тое — рос ты змалку сярод нас, цёмных, у лесі, гдзе шчэ мой дзед маліўся каля асінаваго пня Богу Дуплінскаму-Ільінскаму. Вось яно і гаворыць у табе. Нічога, прывыкнеш сярод паноў — абойдзіцца…

— А не-е, дзед! Чаму ж тады…

«Ку-гу-гу-гу… — загудзела машына, глушачы словы студэнта. За гоні стаяла станція, па насыпу бег пасажырскі поезд.

У цёплых, добрых бягучых хатках ехалі людзі, ехалі са сваім горам і радасьцю.

— Ча-чах ча-чах-стук, — шпарка дужа грухаталі-чахалі, — чах-чах, ча-чах-стук,—тахалі колы вялікіе пад вагонамі.