Старонка:Рунь (1914).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А на дварэ малання бліснула вялікая, войстрая, жудасная, загрымеў гром, па ўсяму небу вялікі грукат-грымот пайшоў, у самые далёкіе канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах… — трэснуў-стукнуў пярун.

Ірвануўся Архіп з ўсіх сіл сваіх, з усіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся.

Прашнуўся Архіп: смольлю пахне, гарыць нешта, бацька с печы саскочыў, крык падняў.

— Сыночак, Архіп! бяры падушку: пярун, знаць, ударыў, гарым…

Аглохшый падняўся студэнт сярод гулу вялікаго. Добра йшчэ — не ў хату, а ў сенцы полымя адразу сьвіснула. Высадзіў Архіп бацьку у вакно і сам скочыў, а полымя ужо у вокны с сянец так і лезе-ірвецца, адразу усе вуглы абхапіла, во ўжо і ў хату кінулася…

— Баў, баў, баў… — зазваніў вартаўнік, у званьніцы.

— Тата, татуля, табе не пашкодзіла? — Архіп у бацькі запытаўся.

— Не, дзякуй Богу, а нісколічкі. Толькі звон у вушах, аглушыла троху. Ну ці трэба-ж ткі гэта! А Божухна, а во-хці, а вой-я…

— Татка, куды-ж ты?

— А? гэта я дзівуюся, як шугаіць, пойдзем, ідзі, ато матка убачыць, спужаіцца, ці хоць мы пазаставаліся?

— Пажар! Пажар! Ратуйця! — крычэў ўжо нехта на сяле. Заварушыліся людзі, зьбегаюцца.

— Гдзе, хто гарыць?

— Новая хата у Лінкевічаў.

— Ці там?