Старонка:Рунь (1914).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

завелася у новай хаці. На серцы было ўсё-ж-ткі радасна і спакойна ат цёплае вясковае абставы.

— Ну й сыбірнікі, расколь!.. На галаве пачынаюць хадзіць, — голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падыйшоўшы к кучы мужчын.

Архіп прыслухаўся.

— А што? Чаго ты? — запыталіся у сердзюка.

— А што-ж? Ну, ці можэ гэта быць? Семдзесят гадоў на сьвеці пражыў, а гэткае пракуднае ды й па праўдзі паскуднае зьявы не бачыў. Вы тут во сядзіцё і нічога ня ведаіце, а ў полі ноччу німаведама што парабілі арыштанты нейкіе. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх… І ты, Самусь, і ты, Гаўрыла…

— А што? Якое там ліха шчэ з баронамі?

— А такое, што нейкіе шэльмы іх ноччу спалілі.

На вуліцы падняўся клум, крык, гоман.

Архіп уцяміў.

— Дык вун там якое полымя шугала. Добрае зданьнё!

Тымчасам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яешняю.

Прынёс бацька паўбутэлячку, і хоць не хацелася грашыцца старым (абедня ешчэ не адыйшла) але дзеля дарагога любаго сына і яны селі сьнедаць.

Пацекла бязконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім.


IV

Доўгі дзень прайшоў—і ня угледзіць калі. Схадзіў Архіп ў поле, пабыў у лесі, даведаўся дзе-каго з бліжэйшай радні, абгледзіў сад.