Старонка:Рунь (1914).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скрыгы-ы… — вязуць нешта, ці снапы, ці сена, а можэ й хвораст. — «Нэ, нэ! — бадрыць коні паваждай, а яны цяжка йдуць па пылу, толькі: «шлёп-шлёп, шлёп-шлёп» — чуваць здалёку. Чарнеюцца вазы далёка, бліжэй, во, адразу вынурнулі:

— Добры вечар! Ці далёка тут да Белі?

— А вёрст пяць набярэцца.

— З гакам, — дадае з-за возу другі голас.

— Нэ-э-э! — паехалі далей, і ўзноў: «скрыгы-ы…»

На дарозі гоман. Ідуць с поля людзі, за гэткі дзянёк пазамарыліся, напрацаваліся.

С-пад лесу нясецца-коціцца песьня — жняі йдуць ад Хаіма с падзёншчыны. І праца не бярэ маладых, красных на здароўе, круглавідых дзевак… О! песьня; яны паюць:

— Загарэла вячэрняя зара…

А з другога боку ідуць са свайго поля жнеі, там пяюць:

— Добры вечар, гаспадынька мая!..

Маладые, зычные галасы смакуюць сьпеў, і ён рвецца са здаровай душы ў дужым, ня хворым целі:

…Ці зрыхтавана вячэрыца твая?

Водгалас доўга ляціць па лесі. Эх! і пагода-ж, пагода будзе на заўтра.

І жнеі, і гоман, і песьні астаюцца па троху… Праежджаюць ціхую вёску; агнёў німа, сабака, нейдзе гаўкнуў і змоўк, у пунях, хлявох жвуць каровы, а гаспадыні старые, што зараней с поля прыйшлі, там з даёнкамі: цур-цур, цур-цур…

Праехалі мосьцік, ярыня пайшла, а на полі цямней, ды цямней. Усё неба зорамі гарыць, дзіўнае, пекнае! Чароўнае хараство разліта ў ём…