Старонка:Рунь (1914).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абазваў яго сынам ведамаго усім брахліваго стварэньня.

Клімаў бацька пайшоў к панаўцы, зачэрпнуў асьцярожна беражком ведра, каб не замуціць саўсім, мутнае з лёдам вады, утапіў у ваду бярозавы венік, каб размяк і лепей яго было спарыць, і, схіліўшыся над вядром, пабрыў у лазьню усьлед за Клімам. А той, убачыўшы там старых, каторые распратываліся а іншые атдыхалі на мяліцах, папарыўшыся даволі, сказаў:

— Добры вечар!—і азірнуўся дзе б яму прыхіліцца.

— Міласьці просім! атказаў яму салдат Захар Какста.

— Капеек на восем,—дагаварыў нейкі скалазуб. Садзіцеся во ладнае мяйсьцінка, Клім Раманавіч, — загаманілі голые, барадатые «мужы» ў цямноці, бо сьветла ў прымыльніку паліць, знаць, не знайшлі патрэбным і варушыліся, хто як мог, упоцемку.

Прымыльнік быў плятнёву, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі — мяльлё. Каля сьценак лежалі раскірачыўшы ногі, самадзельные мяліцы. Кліму было гразна, нячыста, непрытульна. З лазьні сюды то й глядзі, выскаківалі чырвоные, што ракі, здаволеные ласуны да парэньня. Адтуль нёсся гул…

«Ліха іх ведаіць, як яны тут мыюцца, — думаў Клім, шукаючы мяйсьцінкі, дзе-б схаваць шубку.

Старые гаманілі пра тое-сёе, хто колькі шпал ад жыда звёз на рэку Вяхру і іншае.

«Але што-ж гэта я? Ці я не радзіўся сам у Мардалысаве, ці сам не купаўся у гэтай гразі, не бачыў усякаго бруду?»—так думаў Клім.