Старонка:Рунь (1914).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пачынаць. Колькі гадоў ня мыўся я у вашых лазьнях, адвык. Але памыцца сягоньня не вадзіла-б: цела пачынае сьвярбець.

— Што ты гэта, Клімачка,—загаварыла яго маці.—Чаму-ж табе не схадзіць у лазьню? Праўда гразнавата яна, вады цёплае саўсім німа, а халодная ў панаўцы на канаве надта мутна, але ўсё ж-такі, тое-гэта папарышся, костачкі пагрэіш свае, мо й на душы палягчэіць крыху табе. Ідзі, ідзі, сынок.

Бацька напрануў дублёнку, надзеў дзіравые валенкі і прыстоіў, пакуля Клім выймай с кішэні ключыкі, ножык, партманэцік з грашамі і старым пер’ім «рондо», каб не згубіць дабро ў лазьні.—«Хутчэй!—казаў яму маленькі пузыр, брат Саўка, а ён, атчапіўшы кішэнны гадзіннік, адзягнуў маткіну шубку і выйшоў с хаты.

Лазьня была за гоні ад вёскі, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль шчэ паны жыдом лясоў не прадавалі, рэчкай. Ліпела яна сабе на узгорку, і пакуль Клім узабраўся на гэты узгорачэк, два разы паваліўся і абскрабаў аж да крыві руку аб мёрзлы сьнег. Саўка патскочыў каля яго на аднэй назе, падняў яму кавалачак мыла, крыкнуў: «Хор на Бабінавічы!» і шыбка пабег наперад усіх к лазьні. Там ён кумільгом укаціўся у прымыльнік і сказаў дышкантам, як тое рабілі вялікіе басам, або тэнарам.

— Па́ра—лазьня, лёгкі дух!..

Адзін с хлапцоў-сярэднікоў, што прыйшоў туды раней, да Саўкаваго віншаваньня ў адзін тон дабавіў колькі слоў і к слову «дух» прыкладна атпаліў такое слаўцо, што дзед Кузьма