Старонка:Рунь (1914).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Што сьпіш? Канец прыбліжаіцца… І імашы смуціціся, — воспрані убо…

Эх, тэмы, тэмы! Ну, Ўладзімірка, вось табе тэма.

Прыгон… Пан і ў яго цьма людзей-рабоў, падданых яго. Пан ужо й ня можэць думку такую мець, каб і смэрдоў лічыць за роўных паном людзей. А смэрды і ня думаюць, што яны — роўны паном, што яны маюць косткі не чарнейшые за паньскіе, што яны такіе ж людзі, як і паны. А калі і памысьлюць аб волі, дык аб такой, каб не хадзіць на прыгон што дня, а толькі дні два у тыдзень… і каб пан ня біўся.

Страшна! Як людзі самі магуць закуваць сябе і дух свой, і цела сваё у страшные зялезы-путы.

Але і ў жывейшых падданых, хоць на грунці недахвату хлеба, і перасолу на сьпіне, і здзекоў над чэсьцю, пачынаіць будзіцца ненавісць да паноў.

У пана ігрышчэ, баль… Многіе госьці заначэвалі. Мужчыны, хлапцы… Пан надумаўся і загадаў войту. Робіцца лепшая прыемнасьць для госьцікаў. Войт ездзіць па вёсках і зганяіць прыгажэйшых дзевак і маладух да паньскаго двору на́ нач.

Бацькі, мужыкі і браты альбо ня думаюць, што робіцца, альбо кіруюцца скарыстаць з гэтаго, альбо, чулые і больш заможные, пачынаюць шляхатаць злосьцю і ненавісьцю да паноў. Помста! помста!

А сілу маюць паны. Як гэта сталася?

Не даюць працаваць на сябе, адбіраюць на свае прыхамаці астатні хлеб, астатнюю адзежынку, астатнюю вольную часінку…