Старонка:Рунь (1914).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Часам пільней узіраўся у цямноту і ўжо ня думаў, чаго яно ўсё такое на сьвеці, як яно стала так і чаго дрэннае надвор’е, а неяк па прывычцы пачуваў маўклівую незразумеласьць у дрэнным жыцьці і надвор’ю.

Пільней узіраўся, і з боку дарогі за альшынамі, за канавамі — сыпнуцца іскры, і німа… махнецца нехта іскравы, і німа…

— „У галаве так задаецца, у ваччу… Ломюць косьці, прастуда“…

Ці так здалося, ці так галаве прайшло: вызірнуў нехта у цемні з вышчэрынымі зубамі, высулупіўшы даўгі і таўсты, як палена, язык і выкаціўшы чырвоные вочы…

Жыцьцё, жыцьцё… як тая мара. К чаму так Бог даў, с чаго яно пайшло?

Як служыў ён «чэлавекам» ў распусным домі… Чаго-чаго было! Забылася… Лапці, рэматызм, старэцкая торба… Німа таго клуму, забылася… Толькі адно услася ў памяці: таўсты, сівы генерал сярод бутэляк, сярод дзевачэк сядзеў і жудасна плакаў: «пійця, мае, мае… людзі мае! Нуда, нуда заедаіць»!..

Чорна, гразка… На цёплую б печ.

Па чорнаму, сьцюдзёнаму небу раптам паляцеў бы з-за лесу зьмей і сыпаў бы іскаркамі…

Ляціць… Клубок агнявы… Далёка асьвяцілася усё. Шум вялікі і сіп. Бліжэй… Гукаюць на зямлю каменьня, шпякаіць смуродная гразь… Грошы нясець… Вочы аграмадные вылезьлі, чырвоные, клыкі-кляцы даўгіе, шыя тоненькая… ці то крыльле, ці то ногі с капытамі і рукі кіпцятые… Чырвоные вугалі адлетаюць, трашчаць і пырскаюць… Собака завыў у лясніковым дварэ з жахам, ціха, баючыся…