Старонка:Рунь (1914).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дужэй, з болем стагнала, валілася, калацілася, нікнула к зямлі вухам…

Цэлавала раптам, цэлавала гліну, зямлю, доўга, безперэстанку…

— А прашніся! Устань! А-а-а… Адгукніся мне! Адгукніся—а-а…

Мёртвая ціша стаяла каля гаю і на гаю і неўцямная жудзь плыла-цягнулася ў тэй цішы.

А яна распасьцірала рукі па магільнаму курганку і ўзноў лежала доўга і нібы бездыханьня…

Пачынала варушыцца, бытцым пасьля цяжкае хваробы…

Варушылася так, мусіць гнёў яе хто да зямлі.

Падыймалася на аслаблые ногі, хістаючыся, паволі клала крыж на сябе і цалавала расьпяцьце, клала крыж на паветра ў адзін бок, і ў другі, і ў трэцьці, і ў чацьвёрты, за кожным разам цалавала росные камкі зямлі.

Пераксціла усю магілу.

Дастала с кішэні невялічкі ножык-складанчык, а з-за пазухі кавалачэк спісанай паперы, прыціснула к грудзям маладым, пацалавала, абліла сьлезамі…

Сагнулася. Падняла адну дзярнінку, капанула складанчыкам.

Палажыла у ямачку паперу, загарнула зямлю, прыціхла…

Узяла горстачку зямлі і пасыпала сабе за кабат на грудзі маладые і змучэные… Халоднінька…

Малілася ізноў і цішэй, с прыемнаю пакутаю і лягчэйшым сэрцам, плакала…