Перайсці да зместу

Старонка:Расійска-беларускі слоўнік (1928).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лективизм — суспольнасьць“, „комплектование — упоўналічваньне“, „пла­гиат — творакрадзтва“ і інш. Наагул аўтары імкнуліся ўхіляцца штуч­ных новатвораў (нэалягізмаў) і давалі перавагу словам, што ўжо існуюць у народнай і літаратурнай мове.

Аўтары таксама лічылі лішнім даваць і вузка-спэцыяльныя навуковыя тэрміны, якія маюцца ў выпусках Беларускай Навуковай Тэрміналёгіі.

Што датыча перакладу расійскіх слоў на беларускую мову, то аўтары па магчымасьці імкнуліся даваць пераклады расійскіх слоў у розных іх значэньнях, аддзяляючы адно значэньне ад другога (у беларускай калёнцы) або цыфрамі (1, 2, 3…), або кропкай з коскай (за выключэньнем дзеясловаў).

Адпаведныя да расійскіх слоў беларускія пераклады звычайна даюцца не адным беларускім словам, а некалькімі, з якіх першыя словы беларускай калёнкі, бліжэйшыя да расійскага слова, зьяўляюцца больш асноўнымі і больш пашыранымі ў літаратурнай мове, а далейшыя ад яго — сынонімамі і правінцыялізмамі — словамі, менш пашыранымі ў літаратурнай мове.

Дзеля практычнага значэньня слоўніка зьвернута ўвага і на пераклад расійскай фразэалёгіі, хаця і ў абмежаваным ліку з прычыны нераспрацаванасьці беларускай фразэалёгіі. Само сабой зразумела, што дадзеныя прыклады беларускай фразэалёгіі для перакладу пэўных ра­сійскіх зваротаў не зьяўляюцца выключнымі: тут, бязумоўна, магчымы і іншыя беларускія звароты.

Абмежаваны памер слоўніка вымусіў аўтараў адмовіцца ад ілюстрацыі беларускіх слоў прыкладамі, што зьяўлялася-б вельмі пажаданым, але што разам з тым значна павялічыла-б слоўнік, які і без таго перавысіў вызначаны для яго памер (30 друк. аркушаў — запатрабаваньне Дзярж. Выдавецтва).

Беларускія словы ў слоўніку надрукаваны з націскам, за выняткам толькі літар „о“ і „э“, якія ў беларускай мове зьяўляюцца толькі пад націскам (за выключэньнем складаных і чужаземных слоў). 3 тае прычыны, што ў друкарні не знайшлося „і“ з націскам, для адзначэньня націску на гэтай літары ужыты курсыўны шрыфт (і).

Правапіс слоўніка звычайны, прыняты ў беларускай літаратурнай мове, паводле прынцыпаў правапісу Тарашкевіча. Адхіленьнем ад правапісу Тарашкевіча зьяўляецца толькі правапіс ненаціскнога о ў чу­жаземных словах, якое ўсюды перадаецца праз а. Аўтары ўвялі гэтае правіла, папершае, дзеля яго прастаты, а значыць, каб і ўхіліцца ад лішніх памылак, якія-б, калі прытрымлівацца правапісу Тарашкевіча, няўхільна зьявіліся-б у такой працы, як слоўнік, дзе даецца правапіс цэлых тысяч чужаземных слоў; а падругое, грунтуючыся на практыцы гэтага правапісу ў замежных беларускіх выданьнях і некаторых нашых (газ. „Савецкая Беларусь“ і інш.).

Гэтаму-ж правілу падпарадкавана і злучэньне лё (lo) ў чажаземных словах (філязофія, аналягічны) і злучэньне іо (бібліятэка, фізыяномія).