Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цебскім і Мсьціслаўскім (з местамі Гомелем і Рагачовам). Частку Менскага ваяводзтва, далучаную да Расеі, складаў галоўным чынам Рэчыцкі павет, места Рэчыца аднак не адыйшло тады да Расеі[1]. Увесь абшар, далучаны да Расеі пры першым падзеле, займаў 1.629,82 кв. міль з насяленьнем каля 1.360.000 асоб. Граніцы паміж Расеяй і Рэчпаспалітай тварылі пераважна рэкі (Зах. Дзьвіна і Дняпро) за выняткам вельмі малой сухаземнай паласы ад Дзьвіны да Друці.

Расейская імпэрыя ад часоў Пётры Вялікага дзялілася на губэрніі, губэрніі-ж дзяліліся на правінцыі, а апошнія на „уезды“ (паветы). У часе далучэньня да Расеі беларускіх земляў у 1772 г. было ў ёй усяго 20 губэрніяў, што сьведчыць аб іх вялізарных разьмерах. Гэты падзел розьніўся ад адміністрацыйнага падзелу Рэчыпаспалітай. Апошняя дзялілася на ваяводзтвы, а гэтыя — як агульнае правіла — дзяліліся на паветы; але ў некаторых беларуска-літоўскіх ваяводзтвах падзел гэты ня быў дакладна вытрыманы. Так напрыклад Інфлянцкае, Мсьціслаўскае і Полацкае ваяводзтвы зусім не дзяліліся на паветы, а Віцебскае ваяводзтва мела толькі 2 па­веты (Віцебскі і Аршанскі). Гэткім чынам расейскі адміністрацыйны падзел розьніўся ад беларускага, што ў значнай меры змушала ра­сейскі ўрад зрабіць зьмены ў адміністрацыі новапрылучаных земляў.

Яшчэ перад першым падзелам патаемна рабіліся прыгатаваньні ў галіне адміністрацыйнага ўпарадкаваньня земляў, якія расейскі ўрад меў захапіць. Відаць гэта з „наказу“ з 28 мая (ст. ст.) 1772 г., дадзенага на рукі гр. З. Чэрнышова. У наказе гэтым было, між іншым, зазначана, што землі гэтыя будуць складаць дзьве губэрніі, на чале якіх стануць два губэрнатары, падпарадкаваныя генэрал-губэрнатару гр. З. Чернышову. 3 гэтага бачым, што расейскі ўрад яшчэ перад падзелам меў прыгатаваны плян увядзеньня адміністрацыі, губэрнатары-ж мелі адразу дзеяць паводле інструкцыяў „наказу“.

Паводле загаду з дня 16 жніўня (ст. ст), дадзенага гр. З. Чэрнышову, беларускія землі мелі перайсьці пад яго уладу паміж 1—7 верасьня, тэрмін прысягі насяленьня быў вызначаны на 15 студзеня 1773 г., мелі быць пастаўленыя гранічныя слупы, абвешчаны плякаты і маніфэсты да насяленьня.

З новапрылучаных земляў пасьля першага падзелу былі адразу ўтвораны дзьве губэрніі: Пскоўская і Магілёўская. Пскоўская складалася з 5 правінцыяў (паўночная частка забраных земляў), з якіх дзьве (Пскоўская і Вялікалуцкая) былі расейскія, а тры (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская)—беларускія. Галоўным местам Пскоўскае губ. было вызначана м. Опочка, знаходзячаеся пасярэдзіне губэрніі[2]. Ня была яна аднак адпаведнай на губэрнскае места з прычыны малых разьмераў, і дзеля гэтага цераз два месяцы (18 кастрычніка ст. ст. 1772 г.) губэрнскі ўрад („губернское правленіе“) быў перанесены

  1. Землі гэтыя абазначаны у т. зв. „плякаце“, апублікаваным папольску і парасейску у 1772 г. графам Захарам Чэрнышовым, беларускім генэрал-губэрнатарам на за­браных землях.
  2. Ген.-губ. Чернышов імкнуўся разьмяшчапь губэрнскія і уездныя (павятовыя) месты ў цэнтрах дадзеных адміністрацыйных адзінак. Опочка якраз была цэнтрам Пскоўскае губ.