Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мяншаецца на карысьць Польшчы, бо паўдзённыя яе абшары (Валынь, Падольле і Падляшша) адыходзяць у склад Кароны.

У апошнія часы асабліва моцна акцэнтуецца гісторыкамі географічна-прыродны мамэнт. Зусім слушна кажа вядомы нямецкі антро­погеограф пр. Ратцэль, што природныя варункі у значнай меры ўплываюць ня толькі на вытварэньне тыпу і характару людзей таго ці іншага краю, але ўплываюць у ня менш значнай меры і на ход гісторыі. Гісторыя Беларуска-Літоўскае дзяржавы пацьвярджае гэты пагляд: Беларуска-Літоўскае гаспадарства перастала існаваць, як самастойны дзяржаўны арганізм, але тыя асаблівасьці, якія вытвараны фізычна-географічнымі варункамі, не зьмяніліся ад гэтага і па сягоньняшні дзень і выяўляліся, як перад разьдзеламі Польшчы, так і пасьля яе ўпадку.

Ня гледзячы на тое, што Беларуска-Літоўская дзяржава бараніла свой індывідуальны палітычна-гаспадарчы і культурны твар, усё-ж паступова яна падлягала ўплывам, якія ішлі з Польшчы. Нядоўга аднак Вялікае Князьства дзяліла супольнае жыцьцё з Польшчай. Палітычная кон’юнктура ў Эўропе і ўнутранае разлажэньне, якое перажывала Польшча, зрабілі з яе аб’ект, коштам каторага ўзбагаціліся суседнія дзяржавы: Расея, Прусія і Аўстрыя.


Інкорпорацыя земляў былага Беларуска - Літоўскага гаспадарства да Расеі і ўвядзеньне на іх расейскае адміністрацыі[1].

На падставе умовы паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй, падпісанай у Пецярбурзе 5 жніўня (25 ліпня) 1772 г., Расея заняла наступныя землі: 1) Інфлянцкае ваяводзтва (з местамі Рэчыцай, Дзьвінскам і Люцынам); 2) большую частку Полацкага ваяводзтва, паложаную на правым беразе Зах. Дзьвіны; 3) Віцебскае ваяводзтва (без Аршанскага павету); 4) Мсьціслаўскае ваяводзтва; 5) паўночную і паўднёвую часткі Менскага ваяводзтва, сумежныя з Полацкім, Ві-

  1. Беларуска-Літоўскае гаспадарства (гэтак званае Вялікае Князьства Літоўскае) і пасьля Люблінскае вуніі тварыла ў Рэчыпаспалітай трэцюю (асобную) правінцыю побач з г. зв. Малай і Вялікай Польшчай; кожны трэці Сойм Рэчыпаспалітай адбываўся ў Ліцьве, і на ім вызначаліся свае маршалкі. Вялікае Князьства дзялілася адміністрацыйна на 10 ваяводзтваў: Віленскае, Троцкае, князьства Жмудзкае, Полацкае, Наваградзкае, Ві­цебскае, Берасьцейскае, Мсьціслаўскае, Менскае і Інфлянцкае. Ваяводзтва (князьства) Інфлянцкае было ў супольным валаданьні Польшчы і Літвы. Князьства Жмудзкае захоўвала сваю гістарычную асаблівасьць, утрымліваючы назоў князьства (ducatas). Дзялілася яно на 28 паветаў і мела за места ваяводы старасту. Розныя часткі б. Беларуска-Літоўскага гаспадарства, незалежна ад падзелу на ваяводзтвы, захоўвалі традыцыйныя назовы: ваяв. Віленскае разам з паўночнай часткай Троцкага называлася ўласьцівай Літвой, паўдзённая частка ваяв. Троцкага паміж левым берагам Нёмна, Аўгустоўскай пушчай і Прускай граніцай называлася Запушчанскім Трактам; Беларусяй называліся ваяводзтвы: Полацкае, Віцебскае, Мсьціслаўскае і ўсходняя частка Менскага, а таксама ваяв. Нава­градзкае і частка Троцкага (на паўдзён ад Горадні); заходняя частка Менскага ваяво­дзтва мела назоў Чорнае Русі, паўдзённыя часткі ваяв. Берасьцейскага і Менскага называліся Палесьсем.