Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Расейская палітыка на землях былага
Беларуска-Літоўскага гаспадарства за
панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.
[1]

(1772 — 1801).

Беларуска-літоўскае гаспадарства, гэтак-званае Вялікае Князьства Літоўскае, за часоў Вітаўта дасягала кульмінацыйнага пункту сваёй тэрыторыяльнай экспансыі. Абшар яго ў пачатку XV в. распасьціраўся: ад узьбярэжжа Балтыцкага мора да Чорнага мора і схілаў Карпатаў на паўдні, ад рэкаў Бугу й Нарава—на захадзе, да верхавінаў Волгі і яе прытоку Окі—на ўсходзе. Займаючы пераважна поўныя вадазборы рэк Нёмна і Дняпра, а таксама часткова сумежных рэк (увесь абшар займаў ад 900.000 да 1 мільёну кв. км.), перамагаючы перашкоды ў заняцьці гэтых вадазбораў з боку крыжакоў і татараў, Вялікае Князьства сілай географічна-прыродных варункаў прымушалася да заняцьця натуральных граніцаў, якія дыктавалі ў даным выпадку вадазборы рэк Нёмна й Дняпра[2]. Дасягнуушы аб’яднаньня такіх вялізарных абшараў паміж Чорным і Балтыцкім морам, Беларуска-Літоўскае гаспадарства прадстаўляла вельмі паважную палітычную і культурную сілу на мяжы Усходняе і Заходняе Эўропы. Знаходзячыся амаль што ў геомэтрычным цэнтры Эўропы, паміж дзьвюх адвечна варожых сілаў: заходня-эўрапэйскага (рымска-каталіцкага) і ўсходня-эўрапэйскага (візантыцка-праваслаўнага) сьветаў, якбы вартаўнікамі каторых былі: з аднаго боку Польшча, а з другога боку шпарка ўзрастаўшая пасьля вызваленьня ад татарскага ярма Масковія, — Беларуска-Літоўскае гаспадарства ня ўтрымала даўжэйшы час сваёй незалежнасьці. Сілай гістарычных выпадкаў (якія тут абмінаю, каб задалёка не адыходзіць ад тэмы), Беларуска-Літоўскае гас­падарства пайшло па шляху вуніі з Польшчай. Пасьля цэлага раду вуніяў, пачынаючы ад 1386 г. і канчаючы на Люблінскай вуніі (1569 г.), Беларуска-Літоўская дзяржава сталася інтэгральнай часткай Польскай Рэчыпаспалітай. Ад часоў Люблінскае вуніі яе тэрыторыя значна па-

  1. З прычыны недахопу мейсца тут зьмешчаны толькі адрыўкі з больш абшырнае і ўсебаковае працы на гэту тэму. Не увайшлі сюды разьдзелы: аб судох, местах, жыдоўскім пытаньні, аб адносінах да шляхты, аб асьвеце і школьніцтве.Рэд.
  2. Рэкі гэтыя, бяручы свой пачатак на Беларуска-Літоўскім узвышшы, адзначаюцца надзвычайнай гідрографічнай спляцістасьцю.