дзелавая частка Беларусі была для яе мейсцам экспэрымэнту ў галіне адміністрацыі. За часоў Кацярыны II „Учрежденіе“ ня было поўнасьцю праведзена ў жыцьцё на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Адміністрацыйны падзел падлягае частым зьменам. Паўла I трымаецца ў адміністрацыйным падзеле забраных земляў этнаграфічнае падставы.
У рэлігійным пытаньні Кацярына выразна імкнулася да скасаваньня вуніі, а таксама да ўзалежненьня рымска-каталіцкага касьцёлу ад расейскага ўраду. У гэтай галіне сваёй дзеяльнасьці яна была рашучай і консэквэнтнай, ужываючы ўсялякіх сродкаў да асягненьня намечанае мэты. Тут найбольш праявілася яе імкненьне да русыфікацыі забраных земляў.
Сялянская справа была пакінена адкрытай. Гаварылася, праўда, аб гэтай справе ў камісіі з 1767 г., парушалася яна на паседжаньнях „Вольнага Эканамічнага Таварыства" у Пецярбурзе, але ніякіх канкрэтных пачынаньняў у гэтай справе ня зроблена. Дваранства расейскае яшчэ не разумела патрэбы сялянскае рэформы. Беларуска-літоўская шляхта на ўласную руку пачала паляпшаць палажэньне сялян.
У справе местаў Кацярына імкнулася да ўніфікацыі іх з боку зраўнаньня ў правох станаў, касуе магдэборскае права на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства, творыць такжа новыя месты, якія аднак ня маюць вялікага значэньня. Будаўляная дзеяльнасьць трохі ажыўляецца, мае аднак на ўвазе пераважна ўрадавыя будынкі. У судаводзтве наступаюць малыя зьмены. Застаецца яно такім, якім было і перад падзеламі.
Жыдоў Кацярына II зраўнала ў правох з расейскім грамадзянствам. Палажэньне іх аднак было цяжкое: плацілі яны большыя падаткі, за Паўлы I былі пераселены з правінцыі ў месты, уведзена была „мяжа аселасьці“.
Шляхта забраных земляў была зраўнана ў правох з расейскім дваранствам, якое карысталася меншымі, чым яна, правамі, нясучы аднак большыя павіннасьці.
Школьніцтва было мала закранута. Езуіты, адыгрываўшыя вялікую ролю ў школьніцтве, былі захаваны. Толькі ад 1789 г. пачынаюць паволі выяўляцца ўплывы дзеяльнасьці „камісіі для ўтварэньня народных школаў“, якая ад гэтага часу адчыняе расейскія школы на забраных землях.