Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лях, 2) маемасныя адносіны ня былі цьвёрда замацаваныя (канфіскаты, даравізны). Гэта, ясная справа, адбівалася на палажэньні сялян. З другога боку, расейскі урад спаткаўся з новым аграрным тыпам, розьнячымся ад расейскага. Незнаёмасьць аграрных адносінаў на бе­ларуска-літоўскіх землях была таксама аднэй з прычынаў бязьдзейнасьці расейскіх уладаў. Беларусь дасьпела да сялянскае рэформы, аднак застой аграмаднае Расеі затрымліваў яе ў разьвіцьці вышэйшых соцыяльных адносінаў.

Такім чынам, панаваньне Кацярыны II і Паўлы I — гэта пэрыад застою ў адносінах да сялянскага пытаньня, з другога боку—пэрыад няясных і неакрэсьленых яшчэ зьменаў у настроях вышэйшых слаёў грамадзянства пад уплывам павеваў з рэвалюцыйнага Захаду. Палажэньне сялян было наагул цяжкім[1], а сялянскае пытаньне мела яшчэ чакаць дзесяткі гадоў на сваё вырашэньне.


За часоў Кацярыны II былі намечаны галоўныя вехі расейскае палітыкі адносна да забраных беларуска-літоўскіх земляў і іх насельніцтва. Палітыка гэтая адзначалася рашучасьцю і консэквэнтнасьцю, імкнучыся да нівэляцыі асаблівасьцяў гэтае краіны і поўнага зьліцьця яе з Расейскай імпэрыяй. Аднак асаблівасьці былае Беларуска-Літоўскае дзяржавы, выражаючыяся ў асаблівым укладзе лёкальных адносінаў пад уплывам прыродна-географічных варункаў у шырокім іх разуменьні, прадстаўлялі неабыякія перашкоды ў рэалізацыі русыфікацыйна-уніфікацыйных плянаў Расеі. Ня гледзячы на рашучасьць і гібкасьць сваёй палітыкі, ня здолела яна асаблівасьці гэтыя зьнішчыць.

Наступнікі Кацярыны II пераймаюць сыстэму яе палітыкі, больш выразна вызначаючы праграму, пабежна зарысаваную іх папярэдніцай. Расейскія зьмены ў адміністрацыі і ў іншых галінах дзяржаўнага жыцьця былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства не маглі ад­нак і пазьней зьмяніць уклад адносінаў на забраных землях. Уклад гэты, як вытвар гістарычнага разьвіцьця, тамаваў урастаньне ўглыб штучных пачынаньняў расейскіх уладаў. Наступнікі Кацярыны II, датарноўваючы палітыку яе да новых гістарычных выпадкаў і палітычных кон'юнктур, модыфікавалі яе, даводзячы да канца або разьвіваючы далей тое, што у зародышавай або няпоўнай форме існавала у пачынаньнях расейскіх уладаў на забраных землях у канцы XVIII в.

Сконкрэтызуем дзеля гэтага асноўныя палажэньні расейскае палітыкі на Беларуска-Літоўскіх землях—як у разгледжаных галінах, так і ў тых, разгляд каторых у нашу працу з прычыны абмежанасьці мейсца не ўвайшоў.

У галіне адміністрацыі. Кацярына II, як мы бачылі, імкнулася да поўнае ўніфікацыі забранага краю з Расейскай імпэрыяй, уводзячы «Учрежденіе о правленіи губерніями» з 1775 г. Першапа

  1. Найлепш і найглыбей адбіваюць гэтае палажэньне народныя песьні. У бел. мове ёсьць аб гэтым праца 3. Бядулі п. н. „Паншчына у бел. народных песьнях“ (Менскае выданьне)