Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лічэбнасьць стану прыгонных сялян была павялічана пасьля падзелаў залічэньнем да сялянскага стану дробнае шляхты, якая не магла даказаць свайго шляхоцкага паходжаньня, а таксама мяшчан у дробных мястэчках. Сто з лішкам мястэчак, якія былі на магдэборскім праве, у 1776 г. падпалі пад агульна-расейскія правы. Пры рэвізіі (сьпісе) насяленьня мяшчане, ня маючыя мяшчанскіх правоў, былі залічаны да сялян.

Маніфэст Паўлы І аб 3-дзённай паншчыне вялікага бліжэйшага значэньня ня меў, быу ён аднак зачаткам маючых наступіць рэформаў у сялянскай справе, а такжа інгерэнцыі дзяржавы. „Калі пры Кацярыне II у літэратуры трэба было з вялікай асьцярожнасьцю зачапляць балячкі паншчыны, дык за часоў Паўлы І гэта зрабілася зусім немагчымым“[1]. Сяляне знасілі апрача гэтага эксплёатацыю арандароў і шынкароў жыдоў. Былі яны ў ролі пасярэднікаў паміж панам і селянінам. Але, як прыгожа й слушна кажа В. Смоленьскі, „хоць у XVII в. селянін піў з жыдоўскіх рук, аднак-жа ў чарцы была шляхоцкая гарэлка”[2].

Ад 1795 г. у працягу двух гадоў панаваў у губэрніях б. Беларуска-Літоўскага гаспадарства голад з прычыны неўраджаю. Паўла I адведаў гэтыя краіны і быў страшэнна зьдзіўлены беднасьцю сялян[3]. Прыбыўшы ў Менскую губ., загадаў ён склікаць звезд шляхты з мэтай вынаходу сродкаў дзеля паляпшэньня гаспадаркі. У 1796 г. (10 сьнежня) быу скасаваны хлебны падатак, установлены ў некаторых губэрніях у 1794 г. з мэтай дастаўкі правізіі войску. Зьнізіў Паўла I таксама цэны на хлеб, загадваючы прадаваць жыта з дзяржаўных магазынаў. Дзеля супакоеньня сялянскіх масаў Паўла I адклікаў у 1796 г. (10. XI.) набор рэкрутаў, адмаўляючыся гэтым самым ад коаліцыі супраць рэвалюцыйнае Францыі.

Рух, які быў скіраваны да паляпшэньня быту сялян, ішоў, як было ўспомнена, знутра, ад часткі больш асьвечанае шляхты. У гэтых часох мы бачым спробы і агульныя (зьезд шляхты Меншчыны), і індывідуальныя, якія мелі на мэце паляпшэньне долі сялянства[4].

Панаваньне Кацярыны II і Паўлы I, як бачым, нічога амаль не зьмяніла ў сялянскім пытаньні. Расейскі ўрад быў заняты справамі ўнутранай і вонкавай палітыкі і пакідаў гэтую справу адкрытай. Перад усім ён мусіў умацаваць сваё панаваньне на забраных землях і, будучы выразіцелем інтарэсаў „дваранства“, папросту не чапаў сялянскае справы. Расея ізноў-жа ня была яшчэ пэўная свайго палажэньня у забраным краі. На палітычным гарызоньце Зах. Эуропы яшчэ блішчэлі штыкі рэвалюцыйнае арміі. Урэшце, культурны ровень расейскага грамадзянства і адсталасьць формаў аграрных адносінаў у Расеі ў роўнай меры спрыялі таму, што расейскі ўрад ня рупіўся аб гэтай справе. Тры падзелы у розных пэрыадах часу былі прычынай таго, што: 1) стала адбвіваліся рознвія зьмены на забраных зем-

  1. Семевскій „Крестьянскій вопросъ“.
  2. W. Smoleński "Pisma historyczne“ t. II „Stan i sprawa Żydów w Polsce w.w. XVIII, стр. 244
  3. Граве „Къ исторіи еврейства“ Русскій Архивъ, 1893, II стр. 211, 212.
  4. Аб гэтым гл. T. Korzon op. cit. t. I, стр. 393, H. Mościcki „Sprawa włościańska“