ми“ з 1775 г.[1] было прадбачана, што у выпадку непаслухмянасьці («ослушанія») сялян земскі капітан з павету і гараднічы з места павінны адразу паведаміць аб гэтым губэрскі урад і старацца супакоіць збунтаваных. Расейскія ўлады сурова пачалі перасьледаваць сялян, уцякаючых з аднае тэрыторыі на другую. Перад гэтым адбывалася сталая цыркуляцыя сялян з адных абшараў на другія. Цяпер-жа навет вольныя сяляне, якія тварылі даволі вялікую лічбова трупу, ня мелі права бяз ведама земскіх камісараў пераходзіць з мейсца на мейсца[2]. Гэтыя загады былі паважным ударам для сялян. Перад гэтым шляхта, баючыся ўцёкаў сялян, мусіла быць больш лагоднай з імі; цяпер-жа самаволя і вызыск з боку шляхты знаходзілі пасярэдняе падтрыманьне ў гэтых законах.
Паўстаньне на беларуска-літоўскіх землях у 1794 г., якое трывала коратка і было папросту эпізодам ў расейскім панаваньні на гэтых землях, ясная рэч, не магло палепшыць долі сялян. Рапарт Тутолміна аб 100,000 збунтаваных сялян быў проста яго выдумкай. Паўстанчыя ўлады не сягнулі ў глыб масаў сялянства. Прычына пасыўнасьці апошняга была і ў тым, што расейскі ўрад сеяў бясспынна антагонізм паміж шляхтай і сялянствам. З гэтага боку вельмі характэрнае пісьмо Кацярыны II да ген.-губ. Т. Тутолміна (19 красавіка 1794 г.), у якім яна зьвяртае вялікую увагу на сялян[3]. Пасьля паўстаньня адбыліся канфіскацыі маёнткаў. Шляхта рабіла захады, каб здабыць прыхільнасьць расейскіх уладаў, выракаючыся ўдзелу ў паўстаньні, хочучы гэтым здабыць сканфіскаваныя маёнткі[4]. На забраных землях да першае паловы 1797 г. было раздана каля 123.000 душ, з чаго 105.000 прыпала расейцам, а рэшту атрымалі «заслужаныя» палякі[5]. У раздадзеных расейцам маёнтках была ўведзена на расейскі лад павіннасьць „дваровых“.
Пры ўступленьні Паўлы I на трон у Расеі выбухлі бунты сялян, якія „выразна паказываюць, якой зьмены свайго быту жадалі сяляне“[6]. Разрухі ахапілі 17 вялікарускіх губэрніяў і былі выкліканы часткова тым, што першы раз сяляне былі пакліканы да прысягі новаму імпэратару[7]. Баючыся пашырэньня бунту на забраныя землі, Паўла I выдаў 29. I. 1797 г. адозву, у якой перасьцерагаў сялян перад бунтам і заклікаў іх быць паслухмянымі ў спаўненьні паншчыны „пад пагрозай нямінучае, паводле права, кары за праступленьне і сваволю“[8]. Загадам з дня 5 красавіка 1797 г. (у дзень каранацыі) устанавіў Паўла I 3-дзённую паншчыну з кожнае сялянскае душы. Пасьля гэтага загаду шмат дзе (асабліва ў паўдзённых забраных землях) павялічылі паншчыну з 2 да 3 дзён. У тыхжа землях, дзе існавала паншчына звыш 3 дзён, загад гэты астаўся мёртвай літарай.
- ↑ арт. арт. 242 і 264.
- ↑ Загад з 1793 г.
- ↑ „Русскій Архивъ“, 1873 (Лісты Кацярыны II, да Цімахвея Іванавіча Тутолміна).
- ↑ J. Iwaszkiewicz "Litwa w r. 1812" Warszawa, 1912
- ↑ В. Семевскій „Крестьянскій вопросъ въ Россіи въ XVIII и первой половинѣ ХІХ в.“ Спб., 1888 т. I, стр 231.
- ↑ М. де Пуле „Станиславъ Августъ въ Гроднѣ и Литва въ 1794-97 г.г.“ (стр. 137).
- ↑ У Арлоўскай губ. было 20 сялян забітых і 70 раненых.
- ↑ H. Mościcki „Sprawa włośc. na Litwie za panow. Pawła I“ (Bibl. Warsz. t. II, 1909)