За Паўлы I заўважваецца пэўная зьмена ў паглядах на вуніяцкую справу, што відаць напр. з пісьма менскага губэрнатара Карнеева, які скардзіцца на вострыя меры, тасаваныя пры наварачваньні вуніятаў на праваслаўе[1]. Сярод наверненага на праваслаўе насяленьня заўважваецца паварот да старое веры. Праўда, гэтае імкненьне знайшло перашкоду ў загадзе Паўлы I, якім ён забараніў вяртацца ізноў у вунію; але побач з гэтым імпэратар выдае загады, якія адзначаюцца некаторым лібэралізмам у адносінах да вуніятаў. Гэтак у маі 1797 г., падчас падарожы па забраных землях, выдаў Паўла I рэскрыпт па рукі Карнеева, у якім зазначаў, што шмат дзе насяленьне крыўдзіцца на наварачваньне сілай у праваслаўе. Дзеля гэтага загадаў Паўла I не рабіць ніякіх перашкодаў у вызнаваньні вуніятамі іх веры[2]. Гэткае спрыяньне вуніятам вельмі не падабалася праваслаўнаму духавенству. Часы гэтыя, як піша С. Рункевіч, ”як-бы адвярнуліся плячыма да справы праваслаўя у Заходняй Расеі“.[3] Вельмі цікаўным прыкладам адваротнае стараны „прыхільнасьці“ Паўлы I да вуніятаў ёсьць выпадкі у вёсцы Начы, Магілёускае губ., дзе Паўла I загадаў схапіць і судзіць сялян, скардзіўшыхся на рэлігійную несправядлівасьць. Агулам кажучы, за Паўлы I лёс вуніі хіліўся ўсьцяж па лініі далейшага паступовага заняпаду гэтага вызнаньня на карысьць праваслаўя. Гэтаму спрыяла бясспынная дзеяльнасьць вышэйшых уладаў праваслаўнае царквы. За Паўлы I аднак было яшчэ ненаверненых каля 2-ух мільёнаў вуніятаў[4].
Толькі некаторыя адзінкі змагаліся з рэлігійным уціскам: асабліва адзначыліся ў гэтым базыльяне й піяры.
Агулам кажучы, наступнікі Кацярыны II трымаліся вызначанага ёй кірунку касьцельнае палітыкі. Палітыка гэтая ў адносінах да р.-каталіцкага касьцёлу адзначаецца бязумоўным імкненьнем да ўзалежненьня гэтага касьцёлу ад расейскага ураду і утварэньня з яго вернападданчага органу; у адносінах да вуніятаў—рашучае перасьледваньне гэтае рэлігіі. У тэорыі Кацярына II запэўняла рэлігійную толеранцыю і свабоду; у практыцы аднак гвалціла яе на кожным кроку, дзеючы ў мысьль свайго асноўнага імкненьня да палітычнае і тэрыторыяльнае экспансіі Расеі.
„Палажэньне сялян у ХѴIII — піша польскі дасьледчык Ст. Любіч[5], — можна азначыць двума славамі; падданства і паншчына”. Расейскі гісторык I. Горемыкін выражаецца аб гэтых часох, што гэта былі „часы рабства”, ня прыносячыя ніякіх зьмен у палажэньні сялян[6]. Паняцьці рабства, падданства і паншчыны часта мяшаюцца
- ↑ Акты И. В. А. К., т. XVI, стр. 723.
- ↑ Акты И. В. А. К., т. XVI. стр. 572—73.
- ↑ С. Рункевіч. ”Исторія минской архиепископіи“. СПБ 1893. Стр. 384
- ↑ П. Брянцев. ”Исторія литовскаго государства съ древнѣйшихъ временъ“. Вильно 1889, стр. 584
- ↑ „Sprawa wloscianska w Polsce porozbiorowej“, Kraków, 1909, стр. 7
- ↑ I. Горемыкинъ, „Очерки исторіи крестьянъ въ Польшѣ”. Спб. 1869“. Стр. 111