Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пад яго уплывам Паўла I скасаваў некаторыя выданыя раней указы з 1799 г. Лагоднасьць гэтую асабліва выяўляў імпэратар у адносінах да ордэнаў. 11 сьнежня 1800 г. выдае ён т.-зв. „Пункты зацьверджаныя імпэратарам для каталіцкага духавенства”. Ордэны амаль-што зусім унезалежняюцца ад юрысдыкцыі біскупаў. Але з хвілінай трагічнае сьмерці Паўлы I[1] разьвеяліся ўсе надзеі Курыі, якая навет марыла аб увядзеньні вуніі на абшарах усяе Расеі.

Нельга тут моўчкі абыйсьці адносінаў Кацярыны II і Паўлы I да ордэну езуітаў і яго дзеяльнасьці ў новай дзяржаве. Як ведама, ордэн езуітаў быў скасаваны папаю Клімантам XIV 21 ліпеня 1773. I вось у той час, калі ў-ва ўсіх заходня-эўрапэйскіх дзяржавах на ўсей лініі адбывалася нішчэньне ордэну езуітаў, раптам ён знайшоў апору ў Расеі (і Прусіі). Адразу пасьля першага падзелу Кацярына II загадала сьпісаць усе манастыры і езуіцкія школы і ўважна сачыць за езуітамі[2]. Хутка аднак Кацярына II зьмяняе сваю пачатковую проціезуіцкую палітыку і ня толькі не касуе ордэну, але падтрымлівае яго і асабліва ім апякуецца. Прычыны гэтых учынкаў зразумелыя: езуіты на беларускіх землях першыя станулі на старане Расеі, першыя злажылі вернападданчую прысягу, першыя па ўласнай ініцыятыве зладзілі ўрачысты абыход імянінаў імпэратрыцы, выслаўлялі яе ў одах і казаньнях[3]. Тлумачыцца гэта таксама й роляй езуітаў у школьніцтве, якую дацэнівала Кацярына. Ня было гэта аднак галоўнай прычынай захаваньня ордэну езуітаў на далучаных землях. Галоўная прычына была ў агульнай сыстэме дзеяльнасьці Кацярыны II адносна да Рыму, мэтай якой было злёкалізаваньне кат. касьцёлу ў межах Расейскае імпэрыі. Бачучы сваё цяжкое палажэньне на Захадзе Эўропы, езуіты ўсялякімі спосабамі імкнуліся параліжаваць брэвэ Кліманта XIV, ужываючы ўсялякіх сродкаў[4]. Кацярына II добра разумела, што, захоўваючы ордэн езуітаў, гэтым самым пакажа Ры­му сваю сілу. Бачыла яна ў езуітах верных прыхільнікаў новага па­радку дый у гэтым не памылілася. Ужо перад прыездам Сестранцэвіча ў Пецярбург з брэвэ Кліманта XIV аб скасаваньні ордэну езуітаў Кацярына II выдала загад г.-губ. Чернышову аб захаваньні ор­дэну на забраных землях. Апрага гэтага, загадам з дн. 24 студзеня н. ст. 1774 звольніла Кацярына II езуіцкія валаданьні ад падатку, дапамагаючы ім акром гэтага матэр‘яльна (атрымлівалі яны ў год 8,000 рублёў на ўтрыманьне сваіх школаў). Езуіты паступова узмацняюць свае пазыцыі і здабываюць вялізарныя праўныя й матэр‘яльныя здабычы. Так напр. 2 лютага 1780 адчыняюць яны ў Полацку новіцыят, у які прыймаюць новых сяброў. Ватыкан, бачучы такое падтрыманьне езуітаў з боку расейскага ўраду, ня мог рашуча рэагаваць у гэтай справе і пакінуў яе на ўласнае сумленьне езуітаў. У 1782 г., калі было ўтворана рымска-каталіцкае арцыбіскупства

  1. Забіты уначы з 11 на 12 сакавіка ст. ст. 1801 г.
  2. Езуіты ўтрымлівалі тагды 4 калегіі, 2 рэзыдэнцыі, 12 дамоў і місыйных пунктаў (у іх 6 школаў). Усіх езуітаў на тэрыторыі першага падзелу было 178 асоб (кс. С. Залэнскі „Jezuici w Polsce“, у скарачэньні, Kraków} 1908, стр. 253).
  3. H. Mościcki „Dzieje poroźbiorowe“, т. I, стр. 46.
  4. Клімант XIV быу здаецца навет атручаны езуітамі. (Гл. T. Greisinger „Езуіты“, перакл. на расейскую мову, Масква, 1868).