Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

страцыі кіраваўся ён „Рэгулямінам“ з 1769 г. Апэляцыйнай інстанцыяй на пастановы біскупа была Кольлегія для справаў Лівоніі, пасьля—Сэнат. Номінацыя кс. Богуша-Сестранцэвіча адбылася бяз згоды рымскае Курыі, каторая працівілася назначэньню кс. Сестранцэвіча, як чалавека, адданага расейскаму ўраду, і толькі праз 12 гадоў паддалася дамаганьням Кацярыны II. Сталася гэта у 1782 годзе. Рымская Курыя тады ня толькі згадзілася на залажэньне капітулу ў Магілёве, але і на падвышэньне нялюбага ёй біскупа Сестранцэвіча на ступень арцыбіскупа беларускай архідыэцэзіі. Такія ўступкі Курыі тлумачацца перадусім: 1) цяжкімі варункамі, у якіх знаходзіўся Ватыкан; 2) імкненьнем папы не пашкодзіць інтарэсам каталіцызму на забраных беларускіх землях; 3) нязломнай воляй Кацярыны II, каторая займала адно з першых мейсцаў у тагачаснай эўрапэйскай палітыцы. Кацярына II у сваіх лістох да Ватыкану нядвузначна пагражала, што ў прыпадку неспаўненьня яе просьбаў каталікі будуць навернены на праваслаўе. У адным з такіх пісьмаў яна піша: „Папа ня ведае, што боль­шая часьць беларускіх каталікоў належала спрадвеку да нашай праваслаўнай веры, што іх продкі прынялі рымскую веру дзякуючы прымусу з боку палякоў і перасьледаваньням р.-каталіцкімі ксяндзамі. Яны (каталікі) толькі чакаюць адпаведнае хвіліны, каб ізноў вярнуцца на лона праваслаўнае царквы, якую пакінулі паміма свае волі і сьляды якое глыбака захаваліся ў іх сэрцы“…

Рым пайшоў на ўступкі, і ў 1783 г. прыехаў у Пецярбург нунцый Аркетті (Archetti), каторы эрыгаваў арцыбіскупства.

Па загаду Кацярыны II нованазначаны арцыбіскуп з‘арганізаваў кансысторыю для р.-каталікоў, каторыя належалі раней да трох дыэцэзіяў, цэнтры якіх асталіся ў Рэчыпаспалітай. Па другім і трэцім падзеле Рэчыпаспалітай пад уладу Расеі адыйшло шэсьць каталіцкіх дыэцэзій, з якіх Кацярына II зрабіла тры. Вялікая частка касьцельнае маемасьці перайшла на ўласнасьць дзяржавы. Арцыбіскуп Сестранцэвіч атрымаў уладу над усімі каталікамі новадалучаных земляў, адбываў візытацыі, назначаў і зьмяняў ксяндзоў, і круг дзейнасьці і аўторытэту яго значна павялічваўся. Аднак, толькі ў 1795 г. наступіла аканчальнае адміністрацыйна-канонічнае аформленьне для каталікоў з земляў, далучаных па другому і трэцяму падзелу. У „Загадзе“ з 6 (17) верасьня 1795 г. вымагалася злажэньня вернападданчае прысягі ад духавенства; забаранялася абвяшчаньне папскіх бульляў бяз згоды ўраду; забаранялася наварачваньне праваслаўных на каталіцызм. Усялякія зьмены ў галіне касьцельнае адміністрацыі адбываліся без паразуменьня з Ватыканам.

За Паўлы I адміністрацыйны лад р.-каталіцкага касьцёлу ізноў перажыў зьмену. Згодна з загадам з 28 красавіка 1798 г. ўся дзяржава была падзелена на шэсьць дыэцэзій на падставе губэрніяльнага падзелу: Віленская (Віл. губ.), Жмудзкая (Ковенская губ.), Луцка-Жытомірская (Валынская губ), Каменецкая (Падольская губ.), Менская (Менск. губ.); усе іншыя землі належалі да Магілёўскае дыэцэзіі (Магіл. губ.). Арцыбіскупу былі пакінены да выбару тры рэзыдэнцыі: Магілёў, Пецярбург і Кіеў. Паўла I падпарадкаваў касьцельную ўладу Дэпартаманту рымска - каталіцкіх спраў пры Юстіцкольлегіі (напалову сьвецкай), у якой былі прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Да