ны, важны і разам з гэтым скамплікаваны чыньнік, які ўсьцяж спрытна выкарыстоўваюць, як Кацярына II, так і яе наступнікі з мэтай узьмацаваньня сваёй улады. Перад інкорпорацыяй земляў б. В. Кн. Беларуска-Літоўскага Расея была амаль што адналітым гаспадарствам з пануючай праваслаўнай рэлігіяй, адзначаючайся асобным сьветапаглядам, выплываючым з крыніцаў візантыйскай культуры. Праўда, прывандравала за Пётры Вялікага трохі чужынцаў рымска-каталікоў і пратэстантаў, але ня былі яны ў Расеі належна зарганізаваныя. Справамі рэлігійнымі неправаслаўнае люднасьці займалася г. зв. Кольлегія для Ліфляндыі, Эстоніі і Фінляндыі, утвораная Пётрай В., але мела яна хутчэй характар апэляцыйнага суду, гдзе разглядаліся справы цывільнага і духоўнага зьместу.
Да Кацярыны II р.-каталікі складалі нязначную лічбу веруючых, адміністацыйна залежных ад дзяржаўных уладаў. Гэтая залежнасьць зусім зразумелая з пункту гледжаньня адносінаў уладаў духоўных у Расеі да сьвецкіх. Праваслаўная рэлігія вельмі паважна ўплывала на вытварэньне (праз царкву) асобных характэрных рысаў псыхікі расейскага народу. Фактам ёсьць, што большасьць расейскага грамадзянства была варожа настроена ў адносінах да рымска-каталіцкай рэлігіі, званай інакш у Расеі „лацінствам“, увасабленьнем каторага сталася і Польшча і часткова Літва і Беларусь. У роўнай меры з боку абсалютнай большасьці р.-каталікоў Рэчыпаспалітай выяўлялася варожасьць да люднасьці праваслаўнага абраду, званае ізноў-жа «схізматыкамі». Даволі прыпомніць, што пасьля выключэньня з Сойму дысыдэнта Пятроўскага (1718 г.) упрывілеяванай у Польшчы сталася толькі вера рым.-каталіцкая, дысыдэнты-ж былі агранічаны ў правох. Трэба таксама памятаць, што тагды на 12 мільёнаў жыхарства Рэчыпаспалітай прыпадала каля трох мільёнау дысыдэнтаў. Нічога дзіўнага, што ў часы, калі рэлігійныя пытаньні шчыльна вязаліся з палітычнымі, гэтае раздражненьне сярод грамадзянства мусіла фатальна адбіцца на ўнутраным жыцьці Польскае дзяржавы[1].
Рэлігійныя антагонізмы ў Рэчыпаспалітай перад яе разьдзеламі прыймаюць няраз нязвычайна дзікія формы барацьбы ўсіх групаў і йдуць якраз на руку захватніцкім імкненьням праваслаўнае Расеі і пратэстанцкае Прусіі. Кацярына II, прыяцелька Вольтэра, спрытна высоўваючы лёзунгі рэлігійнае толеранцыі, мела магчымасьць адкрыта ўмешвацца ў унутраныя справы Рэчыпаспалітай і пасьля апраўдываць навет сваю захватніцкую палітыку. Дый Заходня-эўрапэйскія дзяржавы часта зварачалі ўвагу на ненармальныя рэлігійныя адносіны ў Польшчы. Гэтак напр. за Станіслава Аўгуста справа дысыдэнтаў прыняла вельмі небясьпечны зварот, калі ў 1766 годзе злажылі варшаўскаму Сойму дэклярацыю паслы: расейскі, прускі, ангельскі, данскі і галяндзкі—у абароне сваіх адзінаверцаў, а папскі нунцый злажыў таксама дэклярацыю аб нятыкальнасьці прывілеяў каталіцызму[2]. Аднак, радыкальных зьменаў у кірунку паляпшэньня палажэньня інаверцаў у Польшчы ня было. Палажэньне-ж праваслаўных і ўніятаў на беларускіх і ўкраінскіх землях у Рэчыпаспалі-