Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Люся. Я не ў распалажэньні з ім сустракацца. Хадзем, Нюся, трошку пройдземся з табой падручку. (Выходзяць. Праз хвіліну з лесу на сцэну ўваходзяць Дудзін і Волька).

Дудзін. Ты цяпер ідзі ўжо дахаты, Волечка. Мне трэба сустрэць тут аднаго знаёмага таварыша і пагутарыць з ім аб пільнай справе, а ўвечары мы зноў убачымся. Прыходзь да мяне — я куплю табе цукерак, арэхаў…

Волька. Васілёк… што ты? Мне цукерак ня трэба. Хіба я за цукеркамі да цябе прыходжу? Ты заўсёды гаворыш са мной, як з маленькай, быццам зусім не кахаеш мяне, а забаўляешся толькі, як з дзіцянём.

Дудзін. Я пажартаваў, Волечка. Я сур’ёзна цябе кахаю — ты-ж сама бачыш — сустракаюся з табой, цалуюся, жалею цябе. Я нават не гляджу, што гэта мне можа прынесьці розныя няпрыемнасьці ў сэнсе маёй рэпутацыі, бо ты — непрацоўны элемэнт і дачка гандляркі. А мне знаёмы таварыш абяцаў знайсьці адказную службу на семдзесят рублёў пэнсіі.

Волька. Ай, Васілёк, не кажы ты пра гэта. Ты заўсёды неяк сярдзіта гаворыш са мной, быццам злуешся на мяне за наша каханьне. Ведаеш што, Васілёк? Мы можам зрабіць так, што ніхто-ніхто пра гэта ведаць ня будзе. Нават гэта будзе цікавей… сапраўды… Мы з табой будзем сустракацца там, дзе ніхто нас ня ўбачыць. Ты скажы толькі, куды мне прыйсьці, дык я і пайду. Я зраблю ўсё, што ты захочаш, толькі ты жалей мяне, ня злуйся…