Я гляджу з болем і страхам на тваю прыгожую постаць, яна чужая, агідная.
Ты ўсьміхаешся? Кінь гэту ўсьмешку — у ёй плыве давольнасьць жывёлы. Ня трэба сьмяяцца…
Твае вочы глухія, як пустата. Няма чорнага агню, няма вострых вачэй майго героя…
Ага… Я разумею… Я цяпер зразумеў. Я шукаў не цябе… Не, ты мне ня трэба. У сумятні пярэстай жыцьця я шукаў сталёва-сьвежай шыры, я шукаў непазбыўнай романтыкі.
Я пайду ад цябе. Я цябе не знайшоў, не засьпеў.
Я пайду ў сумятлівае мора жыцьця. Сярод блытаніны драбніц, у віры гарачай будзёншчыны, у брудным пыле вугальля, цэманту і вапны, у шаломным грукаце дзён — я буду шукаць яе — свайго дарагога, любага таварыша.
Я знайду яе, я ўбачу магутны, чорны агонь яе прыгожых вачэй, яе запал абаўе мяне жыватворчаю сілай.
Я пайду. Я знайду яе, дармо ты сьмяешся…
Ня сьмейся! Сьмех твой агідны мне, прыкры.
Ня жмур сваіх чорных глухіх вачэй, каб ня бачыў я ў іх пачуцьця дабрабыту, каб ня сьвіцілася ў іх давольнасьць жывёлы…
Ня сьмейся!
Я пайду шукаць…
Я знайду…