Я ня зьбіраўся цябе пасылаць, у мяне ня было і думкі аб гэтым. Але ты стаяла паблізу, і я няўмысьля зірнуў на цябе. Тады ўжо я ня мог не паслаць…
Ты была нязвычайная. Я добра помню, якая была ты ў той міг. Ты стаяла нярухома, падаўшыся троху наперад, твар твой быў белы, як сьнег, і з яго зрываліся вострыя чорныя вочы — ня вочы, а чорны агонь — жывы i пякучы.
Ты ўся была — парываньне і воля.
Ты ўся была — адно імкненьне.
Я тады ўвесь загарэўся магутнай радасьцю, я можа нават кахаў цябе ў тую хвіліну. Я ледзь стрымаўся тады, каб ня кінуцца да цябе, каб не абняць цябе — любага майго таварыша, героя. Гэта-ж наўмысьля я цябе так суха паклікаў тады нават назваў па прозьвішчу. Гэта-ж наўмысьля я не сказаў ані слова, апрача сухога ляконічнага загаду…
Я з захапленьнем сачыў за табой, я ня зводзіў вачэй, любаваўся, як ты адважна схапіла стрэльбу, спрытна ўскочыла на каня і паляцела птушкай па полю насустрэчу сьмерці.
Ты была прыгожая тады. Ты такой і засталася ў маім уяўленьні, такою я бачыў цябе ўсе сем год, такую шукаў.
Потым я сустрэў цябе на дарозе, за вёскай. Мы ехалі насустрэчу нашым часьцям, прабіваліся скрозь затоку павозак, конных і пешых людзей, скрозь гармідар адступленьня. Цябе везьлі на тэлефоннай двухколцы нашы армейцы. Убачыўшы мяне, яны спыніліся і дапытліва зірнулі, чакаючы загаду.