Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Песьня…

Песьні былі ірдзяныя, як усход, звонкія, як восенскі холад, імклівыя, як прастор…

Ты ішла разам з усімі. Ты пела так: закідала назад галаву, жмурылася, нібы глядзела на сонца, і крычала. Помніш, як цёпла сьмяяліся хлопцы, калі ты сьпявала…?

Слухай, я раскажу яшчэ апошняе. Я напомню табе наш апошні дзень. Мне таксама быў ён цяжкі. А табе была мука, я ведаю. Толькі ня каюся я ні ў чым, не шкадую нічога…

Ты помніш, які гэта быў страшэнны, напружаны бой? Помніш, у якой сумятні быў наш штаб, якая была сумятня наўкола? Музыка гэтага бою жыве ва мне да гэтага часу. Яна зраслася ў адзін грымучы акорд, у якім пераблытаны ўздыхі гармат з траскатней кулямётаў і стрэльбаў, з адчайным рыпеньнем абозаў, з недалужным стогнам параненых, з мятушлівым гвалтам асалапелых ад страху.

Наш полк біўся адважна. Але сіла была не на нашым боку. З кожнай мінутай у штаб прыляталі трывожныя весткі. Нам трудна было ўжо трымаць сувязь з часьцямі, мы разагналі ўсіх веставых і шмат з іх не вярнулася. Штаб пасьпешна рыхтаваўся адступаць.

Тады прышоў загад зьняць полк з позыцыі. З батальёнамі сувязі ўжо ня было, пры штабе ня было ні аднаго ардынарца, ня было каго паслаць з загадам.