Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
ПОЭМА ПРА ЧОРНЫЯ ВОЧЫ

Сем гадоў я шукаў цябе ў сумятлівым моры жыцьця, каб скончыць недапетую песьню нашае дзівосна-яскравае дружбы.

Я не сумаваў па табе, я ня ўздыхаў і ня плакаў. Я толькі часамі бачыў цябе, калі ў маім уяўленьні спакусьліва разгортваліся шырокія палотны мінулага і сталёва-сьвежая шыр (помніш нашы паходы?) дражніла сваёй непазбыўнай романтыкай. Я бачыў цябе зусім выяўна-тонкую, гнуткую постаць тваю ў вайсковым адзеньні, антычны твой твар, твае вострыя, чорныя вочы. І вось тады мне чамусьці здавалася, што я павінен знайсьці цябе, што павінны мы скончыць перарваную песьню нашае дружбы.

І, нарэшце, я цябе знайшоў. Я выпадкова пачуў, што ты тут, і пашоў да цябе, поўны смутнай трывогі і радасьці.

У гэтым ружовым пакоі з мяккай канапай, з дыванамі па сьценах мне чамусьці цяжка, няёмка. Я ня ведаю, як з табой гаварыць, я адчуваю, што ты шкадуеш мяне, мне страшна за нашую песьню, за нашую дружбу. Чаму ня сустрэліся мы дзе-небудзь на вятраных берагох сьцюдзёнай Дзьвіны, чаму я не