ражліва азіраючыся, выходзіць на дарогу. На твары ў яго хітра-здаволеная міна. Ён ашукаў і тут. Ён усіх ашукае, пачакайце толькі! Ён ня здасца — о, не! Хай цяпер там разьбіраюцца, хай!
Радасьць яго пераходзіць магчымыя межы. Яе ўжо няможна стрымаць, яна павінна выліцца неяк з яго да краю перапоўненай істоты. Ён яшчэ раз азіраецца на бакі і, нарэшце, дае сабе волю. Магутны раскатны рогат разьлягаецца па бязьлюднай пушчы і на хвіліну поўніць яе мятушлівым жыцьцём. Потым ён у адзін момант сунімаецца і стаіць, сударгава-застылы ў рэзка-напружанай нярухомасьці.
Так. Яго вострае вуха ня зманіць. Ён выразна чуе гэтыя далёкія гукі, ціхія і мэлёдычныя, як хлюпаньне нявіднай крынічкі. Ён упінае свой распалены радасьцю погляд у шэрае неба і бачыць (а можа гэта здаецца яму?), як плаўна сунецца там жывы рухавы трохкутнік.
Гусі… Апошнія сёлета гусі. Рупяцца, каб не застацца, каб не спазьніцца ў той зачарованы край. Яны яшчэ вераць, яшчэ спадзяюцца. У іхнай зазыўнай песьні так многа імкненьня, так многа надрыўнае радасьці.
Ляцеце, любыя! Ляцеце, родныя! Яшчэ ня позна. Ніколі ня позна…
Шукайце сонца! Шукайце шчасьця!..
Барковіч, як і тады, калі бачыў быў першых гусей, у п’яным захапленьні ўзьнімае ўгару свае рукі і крычыць усьлед далёкім вандроўцам: