Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сяргей яшчэ больш пабялеў і вочы яго востра заблішчэлі — ні-то ад сьлёз, ні-то ад зацятае злосьці.

— Адам! Ты мяне абражаеш!..

— Ха-ха! Абражаю? Я думаў, што ты зусім няздольны абразіцца… Слухай далей… Вось з Тацянай… Ты ня дужы сам для сябе знайсьці што-небудзь у жыцьці. Ты, як сьлімак, падпаўзеш да чужога i рад, што знайшоў, дзе прысьлініцца. І просты жаль да цябе, перамяшаны з агідай, ты гатоў прыняць за каханьне! Ха-ха!.. Цябе кахаць? Такога склізьнёнка?

3 Сяргеем рабілася нешта надзвычайнае. Яго зьбялелы твар раптам наліўся крывёй, вочы загарэліся дзікім вар’яцкім агнём, — ён увесь напружыўся і гатоў быў кінуцца з кіпцямі на Барковіча. Ён ня мог гаварыць, у яго выходзіў толькі здушаны шэпт.

— Ты… якое права… Я — чалавек!.. Я — чалавек…

Барковіч зусім блізка — твар у твар — прыхіліўся да яго.

— Ты — паскуднік… Я ненавіджу цябе…

З хвіліну яны стаялі так адзін супроць аднаго — лютыя ворагі, гатовыя кожную хвіліну кінуцца ў сьмяротную бойку. Потым здарылася нешта зусім дзікае і агіднае: Барковіч плюнуў у твар Сяргею і, крута завярнуўшыся, пашоў на паляну.

Гульня была надзвычайна рызыкоўная, і Барковіч, ідучы роўнымі, нібы зусім спакойнымі крокамі па паляне, з фізычнай яснасьцю адчуваў, як па сьпіне ў яго марознай хваляй перабягаюць мурашкі. Нейкую балюча-вострую зьвярыную асалоду давала яму гэтае сьмяротна-напружанае чаканьне.