спрачаліся, лаяліся, крыўдзілі адзін аднаго, а потым шукалі выпадку, каб зноў сустрэцца. Не маглі абыйсьціся бяз гэтай сустрэчы… Праўда? Ну, вось… Мы пяць год былі самымі блізкімі, самымі шчырымі прыяцелямі…
Ён змоўк, нібы правяраючы ў думках, ці тое сказаў, што трэба было сказаць, або шукаючы слоў для далейшага. Сяргей з поўнай шчырасьцю пацьвердзіў:
— Я заўсёды лічыў цябе за лепшага свайго сябра.
Барковіч не зьвярнуў ніякай увагі на яго словы.
— Вось так… разумееш?.. А ўсё-ткі мы з табой ворагі адзін аднаму. Найлюцейшыя ворагі, якія толькі могуць быць…
— Адам! што ты гаворыш?
— Найлюцейшыя ворагі… Фатальныя ворагі… Мы ўвайшлі адзін к аднаму ў жыцьцё, каб папсаваць яго… Так увесь час і было…
Ён зноў змоўк, нібы аднаўляючы ў памяці драбніцы мінулага.
— Вось з Стасяй… Ты мне псаваў увесь час… страшэнна псаваў… агідна… А я табе… ха-ха!.. ты сам казаў, што нічога ня меў… ха-ха!.. нічога ня меў…
І ён дзіка зарагатаў. Потым ураз неяк сьціх і падблізіў да Сяргея свой скрыўлены злоснай грымасай твар.
— Папраўдзе сказаць, ты паскудненькую ролю там іграў. Зусім такую, ведаеш, нікчэмненькую, туалетную… Ты-ж, небарака, нічога ня меў… Ха-ха!.. Які недалужны!..