ляна, абкружаная суцэльнай сьцяной высокага лесу. Барковіч спыняецца і абарачваецца да Сяргея.
— Вось тут… Давай адпачнем троху…
Ён абапіраецца плячмі аб ствол вялізнага дуба і глядзіць некуды ў бок, у цёмны лясны гушчар. Ён высьвіствае нейкую песьню — мабыць, затым, каб перамагчы таемна-хітрую ўсьмешку, якая, во-во гатова ўсплысьці на яго твар. Аб чым ён думае?
Сяргей з радасным палягчэньнем здымае з пляча стрэльбу і шукае месца, дзе-б паставіць яе. Барковіч раптам спыняе яго.
— Ты не забыўся, як трэба страляць? Пакажы…
Сяргей спраўна прарабляе ўсе патрэбныя маніпуляцыі. Барковіч здаволена ўсьміхаецца. Потым ён падыходзіць бліжэй да Сяргея і раптам прымае сур’ёзны, амаль-што жорсткі выгляд.
— Во што… Нам трэба з табой пагутарыць… стала… раз назаўсёды.
Тон яго слоў такі нязвычайны, такі напружана-цьвёрды, што Сяргей мімаволі бляднее і ў вачох у яго пыхае раптоўны спалох.
— Аб чым ты хочаш гутарыць?
Барковіч падыходзіць яшчэ бліжэй, узьлягаецца на сваю стрэльбу і ўпінае ў Сяргея жудасна-нярухомы погляд.
— Слухай… Колькі часу, як мы спазналіся?
— Даўно ўжо… Год пяць.
— Так. Пяць год. Мы адразу былі здружыліся. Помніш? Гэта дужа цікава… У нас былі моманты, калі мы не маглі жыць адзін без аднаго. Мы часам