ловіць яго ў сваё жаўтлява-празрыстае улоньне, — мусіць, затым, каб падзівіцца на яго злосны, дэмонічна скрыўлены твар.
Барковіч зайшоўся да Аўтуха, першага сябра свайго па паляваньні.
— Дай мне на заўтрашні дзень свае стрэльбы.
— Во… А твая што?
— Мы пойдзем удвух, з таварышом…
— А-а…
Аўтух нешта памыкаецца расказаць, але Барковіч ня слухае. Ён забірае стрэльбу і пасьпешна ідзе да сябе, на хутар.
Сяргей яшчэ ня сьпіць. Ён сядзіць за сталом, узьлёгшыся тварам на далоні, і шчыра аб нечым думае. Барковіч стараецца ўзяць добрадушны вясёлы тон.
— Бабы казалі, што ў Чорным маху аселі гусі. Пойдзем з табой заўтра ўраньні. Я ўзяў табе стрэльбу.
Сяргей узьнімае на яго свае наіўныя, ясныя вочы.
— Я-ж ня ўмею страляць.
— Гэта зусім проста. Во так…
І Барковіч пачынае на скоры пасьпех тлумачыць яму, як трэба абыходзіцца са стрэльбай. Сяргея надзвычайна цікавіць гэта мэханіка, і ён ужо шчыра радуецца, што Барковіч надумаў узяць яго на паляваньне.
Яны зараз-жа кладуцца спаць, каб заўтра яшчэ досьвіта быць на нагах.