Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

казаў пра гэты закон, а сам заўсёды ім кіраваўся — і гэта давала мне перавагу перад усімі. Я добра працаваў, мне шанцавала — я быў упэўнены ўжо ў сваёй сіле і ў сваім шчасьці. Таму я сам страшэнна зьдзівіўся, калі раптам прышоў мой нешчасьлівы канец. Бязумоўна, тут вышла вялікая недарэчнасьць. Ba ўсім вінаваты былі гэтыя маленькія ракавыя жаронцы…

… Той дамок стаяў у глухім кутку на ўскраіне гораду. Я дужа люблю такія ціхія глухія дамочкі. У кожным з іх ёсьць старая вялізная скрыня і там, у прыскрынку, ляжыць некалькі штук залатых або срэбных пярсьцёнкаў, некалькі крыжыкаў, часам паламаная бранзалетка, сапсаваны гадзіньнік. У скрыні-ж часамі трапляецца шаўковая шлюбная сукня або старадаўны, але зусім яшчэ сьвежы сурдут.

А навакол дому — ціша і бязьлюдзьдзе.

Я выбраў час, калі ў хаце астаўся толькі малы дзяцёнак і з ім старая бабулька. Усё было добра. Бабулька мне адчыніла, і я ўвайшоў, нібы звычайны знаёмы або падарожнік. У пакоі мякка сьвяціла лямпада, пахла сьвежа вымытай падлогай і — здалося мне — трошачку ладанам. Была ў гэтым пакоі такая бязьмежна-глыбокая ціхасьць, што мне заманулася сесьці тут і адпачыць, забыўшыся на ўсе трывогі і клопаты. Але я ўспомніў, што трэба сьпяшацца.

Калі я растлумачыў старой пра мэту свайго зьяўленьня, яна паспрабавала крычаць, але я зараз-жа яе супакоіў. Яна села на лаўку і ўсё паўтарала, як няпрытомная: