Сяргею доўга не ўдавалася стала пагаварыць з Барковічам. Іхныя выпадковыя гутаркі ніколі ня выходзілі за межы малазначных драбніц, роўна няцікавых ні аднаму, ні другому. Ці толькі Сяргей памыкаўся закрануць якую-небудзь жыцьцёва-вострую тэму, Барковіч ураз абрываў размову або рэзка пераводзіў яе на іншы прадмет. Сяргею гэта давала вялікую няпрыемнасьць. Яму цяжка было насіць у сабе нявыказаныя думкі — ён да гэтага не прызвычаіўся. Праўда, большую частку думак сваіх і пачуцьцеў ён выліваў у шчырых гутарках з Тацянай, але было і такое, аб чым яму цяжка было з ёй гаварыць. І ён з упартай цярплівасьцю чакаў, калі, нарэшце, можна будзе выказаць усё Барковічу.
Гэта здарылася дзён праз пяць пасьля яго прыезду. Позным вечарам яны вярталіся ад настаўніцы. У Сяргея, як і звычайна пасьля сустрэчы з Тацянай, застаўся ў нутры лёгкі хмель радаснага захапленьня. Густая волкая цемра, праз якую яны ішлі, спрыяла яго самаўглыблёнасьці — ён моўчкі прыслухваўся да прыемнага свайго пачуцьця і шырока п’янавата ўсьміхаўся — балазе ніхто ня бачыць. І вось раптам Барковіч ні з таго, ні з сяго пытаецца:
— Ты, Сяргей, чакаеш Стасю?
Ён здрыгануўся ад неспадзяванасьці і ня ведаў, што адказаць.
— Чаму ты пытаеш пра гэта?
Барковіч спакойна растлумачыў: