Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яму у гэты момант да болю патрэбна была яе прысутнасьць.

Гэта было нейкае дзіўнае, назольліва-прыкрае пачуцьцё, зусім непадобнае да тэй прагнай патрэбы ў жаночай блізкасьці, якая звычайна прыцягвала яго да Тацяны. Ён ня чуў цяпер гэтае блізкасьці. Ён спрабаваў абудзіць у сабе звычайную ласку, пяшчотнасьць, але заставаўся халодны. Быццам лягла паміж іх нейкая глухая пустэча і ў ёй тупа абрываліся ніці яго пачуцьця. Ад гэтага ўзьнімалася ў сэрцы едкая злосьць i расло ўпартае непераможнае жаданьне заставацца тут, каля яе, і настойна чакаць, што будзе далей.

Яны пашлі ад настаўніцы зусім ужо познай парой. Яна выпраўляла іх з шумнай клапатлівасьцю і прасіла заходзіць яшчэ. Барковіч, разьвітваючыся, затрымаў яе руку і з цьвёрдай дапытлівасьцю зірнуў ёй у твар, але яна сярдзіта насупілася і рашуча ўнікала ад яго погляду. Гэта вышла ў яе троху комічна, Барковіч ня вытрымаў і засьмяяўся. У гэты момант яму надзвычайна пацешнай і любай здалася яна — з сваёй напружанай стараннасьцю быць сярдзітай, з сваёй беспрасьветнай суровасьцю. Хваля гарачай пяшчоты затапіла нутро яго — яму захацелася прыцягнуць яе да сябе, моцна-моцна абняць і цалаваць — зараз-жа, тут, пры Сяргею. Яна, мусіць, адчула гэты яго настрой, бо раптам уздрыганулася, вырвала сваю руку і бліснула на яго кароткім поглядам, поўным настойнае просьбы ці, можа, перасьцярогі.

Барковіч пайшоў ад Тацяны ў добрым гуморы.

Сяргей, як вышлі, адразу спытаўся: