Ён прывык усе нягоды, якія-б яго ні спасьцігалі, разглядаць у агульным пляне, як чарговую сутычку з жыцьцём, як чарговы наступ усіх тых варожых сіл, з якімі яму прыходзіцца весьці змаганьне. Стася толькі зброя у руках гэтых сіл, Стася не вінавата.
І Барковіч раптам пачынае з мяккай ласкай распытваць пра Стасю, цікавіцца самымі нязначнымі драбніцамі, злучанымі з яе цудоўным выздараўленьнем. Сяргею гэта дужа падабаецца, ён укладае ў апавяданьне ўсю шчырасьць свае істоты, ён увесь прасьвятляецца і зазірае ў вочы Барковічу з асабліва глыбокай палкай удзячнасьцю.
Адылі Барковіч больш пытае, чым слухае. У яго — сваё. Скутыя раптоўным цяжарам сілы яго пачынаюць настойна бурліць, уздымацца шумлівымі хвалямі, рыхтаваць нейкі адпор, нейкі ўдар па варожых сілах. Ён адчувае магутны прыліў энэргіі, ён гатоў ужо ў бой і шукае толькі першай ахвяры.
Першай ахвярай быў, вядома, Сяргей. Барковіч перапыніў яго ў момант самага шчырага захапленьня, калі ён з бязьмернай пяшчотай апісваў кожны рух, кожнае слова «здаровай» Стасі. Барковіч выбраў самае балючае месца — ён сказаў з наўмысна падкрэсьленым грубым цынізмам:
— Цяпер ты можаш нагнаць тое, чаго ня меў быў раней… Помніш «прызнаньні над сьвежай магілай»? Ха-ха…
Сяргей раптам зьвяў, панура схіліў галаву.
— Нашто ты крыўдзіш мяне, Адам?