Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вострае, хваравітае адчуваньне асабістае волі, шырокіх асабістых магчымасьцяй. Тады чалавек можа зрабіць самы нязвычайны і недарэчны ўчынак.

Ужо зьвечарэла, і яны, прышоўшы ў школу, адразу запалілі сьвятло. На маленькай канапцы ля грубкі быў іх аблюбёны куточак. Тацяна заняла сваё месца i сядзела моўчкі, ня спускаючы з твару сур’ёзнага, турботнага выразу.

Барковіч прыслухваўся, як расьце ў ім тое лёгкаўзьнятае пачуцьцё, што занялося пасьля тэлеграмы. Ужо цяжка было стрымаць гэтае пачуцьцё, яно патрабавала нейкага выйсьця, штурхала на нейкі гарэзны ўчынак. Ён узяў абедзьвюма рукамі Тацяніну галаву, абярнуў да сябе яе хмуры, насуплены твар і, востра зазіраючы ў вочы, сказаў ёй:

— Чаму ты ня радуешся, Тацяна? Ты можаш радавацца, ты павінна… Будзь сама сабой… Гэта лепш, што яна памрэ… Ты ведаеш…

Яна густа пачырванела, але не адказала нічога. Толькі нецярпліва вырвала з яго рук сваю галаву ды балюча, да крыві, прыкусіла губу.

Ён загадкава ўсьміхнуўся і, памаўчаўшы хвілінку, зазначыў:

— Я, Тацяна, нікуды не паеду…

Яна рэзка абярнулася да яго і зірнула проста ў твар яму доўгім уедлівым поглядам. У шэрых ненатуральна бліскучых вачох яе Барковіч убачыў цэлы віхор розных супярэчлівых пачуцьцёў: там халодная злосьць мяшалася з палкаю радасьцю, там балючы