Перайсці да зместу

Старонка:Ракавыя жаронцы (1930).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

па бясконцай палескай грэблі. Барковіч адразу знайшоў у высокім небе жывы рухавы трохкутнік і парыўчата схапіў за руку сваю спадарожніцу.

— Вунь яны! Вунь яны!.. Бачыш?

Потым узьняў угару свае рукі, быццам вітаючы далёкіх вандроўцаў, і закрычаў, як няпрытомны:

— Го-го-го!..

Колькі хвілін ён так і стаяў, нібы застыгнуўшы сваім напружаным парываньні, з горача распаленымі вачмі, з хмельнай усьмешкай на твары. Ён увесь прасякнуўся дзіка-магутным імкненьнем, ён гатоў быў, здаецца, кінуць усё, сарвацца з зямлі і паляцець туды, за гэтым жывым мякказвонным трохкутнікам — у сьвет, у прасторы.

Тацяна стаяла поплеч, глядзела на яго (ён быў цяпер надзвычайна прыгожы) і з няпрыемнасьцю адчувала, што ён зусім забыўся цяпер на яе, што гэта раптоўнае захапленьне вымела з сэрца яго ўсе звычайныя пачуцьці, як вымела з галавы яго ўсе звычайныя думкі. Нешта падобнае да зайздрасьці шавальнулася ў ёй, і яна з рэзкай настойнасьцю пацягнула яго за руку:

— Ну, пойдзем ужо.

Барковіч з патугай адарваў свой погляд ад далёкага, ледзьве прыметнага ў небе трохкутніка і моўчкі пашоў па дарозе. На твары ў яго яшчэ плавала радаснасьветлая задуменнасьць.

Яны падышлі да хутара, на якім кватараваў Барковіч. Ля варот стаяў гаспадарскі сын — хлапчук гадоў у шаснаццаць, — ён з пільным чаканьнем углядаўся ім на-