у яе такога глыбока-сур’ёзнага твару, такога панурага, сумнага і нават стараватага. Пачынала здавацца, што гэта не яна, што гэта нехта другі. І гэты другі то выдаваў некім абсолютна чужым, незнаёмым, то неадрыўна блізкім і родным, радней за маці, радней за сястру.
Барковіча пацяшала гэта свавольная гульня фантазіі, і ён наўмысьля не хацеў парушаць маўклівай цішы, якая глуха лунала ў пакоі. Яго спакойнаму назіраньню, аднак, перашкодзіла нястрымная гарачая хваля пяшчоты, якая раптам узынялася ў яго нутры, якая з непераможнай сілай пацягнула яго да гэтае смутнае задуменнае дзяўчыны. Як і зазвычай, пачуцьцё яго вылілася ў шчырае і троху недарэчнае парываньне. Ён падышоў да дзяўчыны, стаў перад ёй на калены, абняў яе стан і з гульлівай усьмешкай зазірнуў у яе глыбокія вочы.
— Тацяна! Нам павінна быць добра… Сапраўды…
І з нейкім па-дзяцінаму радасным сьмехам ён схаваў свой твар у яе на каленах.
Дзяўчына чамусьці ўздыхнула і пачала пяшчотна гладзіць яго валасы.
Гэта было тымі днямі, калі над Палесьсем — над бяскрайным прасторам пажоўклых лясоў, над чорнымі лапінамі застылых балот, над спахмурнелымі, сіня-халоднымі рэчкамі, над счарнелым чаротам і жорсткім аголеным лазьняком, над пустымі пясковымі грудамі,