Барковіч стаяў тут, пакуль ня ўсплыло на неба сьцюдзёна-барвянае сонца, пакуль не рассыпала ў лесе сваіх дарагіх бурштынавых кропель. Тады ціха, паволі, ніба зачарованы, пасунуўся далей, насустрэчу сьвежым ірдзяным праменьням.
Падышоўшы да хутара, дзе быў яго выпадковы прытулак, Барковіч чамусьці прыстоіў, з хвіліну падумаў аб нечым і, крута завярнуўшыся ў бок, пашоў абходам па дробным капкаватым хмызьняку. Мінуўшы хутар, ён зноў узышоў на дарогу, сьцеражліва азірнуўся назад і пасігаў далей пасьпешнымі энэргійнымі крокамі.
Праз колькі хвілін наперадзе паказалася вёска. Чорныя карузлыя хаткі, яшчэ бяднейшыя, яшчэ бруднейшыя дворныя будынкі і высокія стромкія азяроды. Ha краю вёскі адзін большы за іншых з гонтавай страхой будынак — гэта вясковая школа. Барковіч рашыў адразу пайсьці туды, нават не пабыўшы ў дварэ. Такі быў настрой, што хацелася рабіць якраз тое, чаго ня робяць звычайна.
У клясе ішла лекцыя. Барковіч сьмела, як гаспадар, увайшоў у кватэру настаўніцы, пахадзіў троху па яе невялічкім пакоі, з цёплым здаволеньнем азірнуўся наўкола — як тут знаёма ўсё і як тут ціха, прытульна! — сеў на крэсла і стаў чакаць. Праз хвілін пяць прыляцеў выбух бязладнага шуму, за дзьвярмі пачуўся звонкі па-дзяцінаму раздражнены голас, дзьверы расчыніліся і ў пакой увайшла настаўніца. Яна ўбачыла Барковіча і спынілася ў парозе — ні-то радая, ні-то зьдзіваваная. Каб схаваць сваё раптоўнае ўзрушэньне, яна ўзяла жартліва-сярдзіты тон: