— Сяргей! Ці думаў ты калі-небудзь, што ў нас усё гэта можа нядобра скончыцца… га?
Сяргей вінавата замятушыўся.
— Як гэта скончыцца?.. Я не разумею… Я зычу табе дабра, Адам, я нічога ня маю супроць цябе…
— Ну, добра, пойдзем.
Яны пашлёпалі па цёмных сьлізкіх дарожках. Пры выхадзе з саду промень сьвятла, прыляцеўшы з вуліцы, на момант вырваў іх з цемры, і Барковіч убачыў скурчаную убогую постаць Сяргея, з панура схіленай галавой, з бязьмежна-балючым сумам на твары. Ён ласкава ўсьміхнуўся і ўзяў яго пад руку.
— Мы, Сяргей, скора з табой сустрэнемся. Ведаеш што? Прыяжджай да мяне — у нас там надзвычайна добрае паляваньне.
А сам у гэты момант падумаў:
«Нашто гэта ўсё? Нашто гэта новая непатрэбная сустрэча?».
Сяргей сумна адказаў:
— Я не паляўнічы… я не страляў ніколі.
— Ну, усёроўна — так прыяжджай.
— Можа прыеду.
Яны ўвайшлі ў змрочныя гарадзкія вуліцы. Дождж ужо сьціх, але горад плакаў яшчэ апошнімі скупымі сьлязьмі. На скрыжаваньні вуліц Барковіч спыніўся.
— Мяне праводзіць ня трэба. Ідзі дахаты.
— Ты не застанешся?
— Які ты сьмешны… Бывай!
Як ужо разышліся, Сяргей раптам спыніўся і крыкнуў: