аганьком. Ён парыўчата схапіў Барковічаву руку i моцна яе страсянуў. Потым пачаў мятушыцца.
— Я зараз. Во, толькі хвіліначку. Пачакай, я зараз…
Барковіч з ласкавай усьмешкай сачыў за ім, пакуль ён парадкаваў свае кніжкі, пакуль угаварваў нейкага цыбатага хлопца пабыць за яго ў бібліотэцы, пакуль даводзіў нешта ўпартым настойлівым піонэркам. Потым яны вышлі на вуліцу.
Сяргей пачаў пасьпешна, хапаючыся, нешта апавядаць, але Барковіч адразу яго перапыніў, быццам ён спэцыяльна прышоў, каб гаварыць аб пэўнай справе.
— Во што, Сяргей. Я быў у Стасі. Я цяпер ішоў ад яе і зайшоўся па цябе.
Сяргей змоўк і старанна насупіў свае бялясыя бровы.
— Ты сёньня прыехаў?
— Я прыехаў па тваёй тэлеграме.
— Як Стася?
Сяргей запытаўся ціха, няўпэўнена. Барковіч, у наругу яму, пачаў гаварыць з наўмысна-рэзкай адкрытасьцю:
— Стася дужа зьмянілася. Я ня думаў, што так далёка зайшла хвароба. Яна зусім страшная стала, я ледзьве пазнаў. Дужа няпрыемна глядзець. На ёй ужо відаць адбітак сьмерці. І яна сама ведае, яна добра ўсьвядоміла свой стан. Чакае канца…
Ён змоўк і настаражыўся. Цемра схавала ад Сяргея яго таемную ўсьмешку — столькі-ж добрадушную, колькі едкую.