ваў яшчэ ў яе сухую вашчаную руку і, спакойна азірнуўшыся, вышаў з палаты.
Разам з тым, як скінуў Барковіч на рукі востраносай санітарцы свой белы нязграбны халат, ён фізычна адчуў, як скінуўся з яго плеч цяжар гэтай сумнай сустрэчы. Вышаўшы з больніцы, ён глыбока, вольна ўздыхнуў і з усьмешкай падумаў:
— Больш не пайду у гэты белы астрог.
Быў ужо вечар. Скрозь чорную слоту размашыста грузна сігаў Барковіч, шлёпаючы па лужынах сваімі грамозднымі чабатамі. Пацёкі дажджу абмывалі яго шырока адкрыты твар, але, як ні стараліся, не маглі змыць з яго сьвежую бадзёрую ўсьмешку. Ён любіў восень і любіў горад. Ён з горадам жыў як зайздросьлівы палюбоўнік са сваёй нясувернай каханкай. Калі паміж іх паўставаў чарговы конфлікт, калі чорны цень зрады атручваў іхную блізкасьць, тады ён уцякаў з гораду ў глухія нетры Палесься, каб у раскошных абнімках прыроды затапіць сваю крыўду, каб зрадай памсьціцца за зраду. А потым вяртаўся зноў, як блудны сын, як былы гаспадар.
На Савецкай сустракаліся людзі. Адны перабягалі мокрымі скукярэчанымі скакунцамі; іншыя — пад парасонамі — плюхалі з важнай павольнасьцю, як старыя баравікі. Сярдзіта, раздражнена роў, уцякаючы ад дажджу, аўтобус, агідна сьлюмачыліся асалавелыя вітрыны, не запрашаючы, а адганяючы пакупцоў.