пашла). Я так і думаў… я так і думаў… цяпер прапала… усё… (Некаторы час сядзіць моўчкі, потым устае, укручвае ў лямпе агонь і кладзецца на канапе. У пакоі — паўзмрок. Грыміць гром і выразна чуваць шум ветру і дажджу. Потым адрывіста і рэзка зьвініць званок).
Сомскі (ускочыў). Што гэта?.. Зноў нехта… Хадора! (Паўза, потым уваходзіць Хадора). Хто там?
Хадора. Аканоміха.
Сомскі. Што ёй трэба?
Хадора. Кажа, нейкая пільная патрэба.
Сомскі. Упусьці. Хай ідзе сюды. (Устае і ідзе да лямпы. У гэты момант ціха адчыняюцца дзьверы і ў іх зьяўляецца Мікола. Сомскі падкручвае агонь, паволі абарачваецца да дзьвярэй і, ашаломлены гэтай нечаканай праявай, застывае ў тупым аслупяненьні, сагнуўшыся над лямпай. Некалькі сэкунд абодва маўчаць, потым раптам Сомскі, як няпрытомны, заходзіцца ад нейкага страшнога здушанага сьмеху).
Мікола. Ня ўздумай толькі крычаць, а то разбудзіш паню, будзе многа лішняга клопату. (У дзьверы). Хлопцы! Заходзьце сюды! (У пакой уваходзяць Кузьма і Аніська).
Сомскі. Я цябе знаю. Я пазнаў цябе. Ты — Мікола, лясьнікоў сын. (Шэпча ў дзікім жаху). Бальшавікі… Паўстанцы…
Мікола. Пэўна, ты ведаеш таксама і тое, зачым мы сюды прышлі?