Сомскі. Дурань! Як ты сьмеў так казаць! Я табе пакажу, сукін сын, як паважаць свайго пана! Ах ты, паганец!
Сомская. Аркадзь! Ня трэба лаяцца!
Хадора. Ён заўсёды, як плюхне што-небудзь, дык проста сьмех. (Уваходзіць аканом Сарпун).
Сомскі. Ну, мы ўжо зладзіліся. Як, Міхайлавіч, у вас там?
Сарпун. Усё пакладзена, апроч хатніх рэчаў. Калі дазволіце, будзем грузіць.
Сомскі. Вось і добра. Гадзіны са тры пасьпім дый у дарогу.
Сарпун (падыходзіць да пана). Кажуць, што немцы зусім ужо кінулі горад.
Сомскі. А, добра, добра. Мы можам паехаць нават гадзіны праз дзьве.
Сарпун. Парабкі казалі, быццам вёрст за дзесяць ужо чырвоныя.
Сомскі. Добра. Мы выедзем так праз гадзіну ці паўтары.
Сарпун. А ў нашым лесе, казалі, зьявіўся атрад партызанаў. Кожную хвіліну ён можа напасьці на маёнтак.
Сомскі. А божа мой! Накладайце, Міхайлавіч, я пайду толькі зьбяру свае паперы. Дзе гэта Юра? Трэба Юру знайсьці. (Да жонкі). Мунічка! Ідзіце вы там пачынайце складаць, мы зараз едзем. Зараз едзем… Я паперы зьбяру свае. Мунічка, скоранька. (Выходзіць).